October 27th, 2008

nohi

Рэйкавая вайна

Калі прачынаесься а дзясятай, а з ложку ўстаеш у сем,
у вуху – вока тайфуну, а ў воку рыдае плачка,
і дзень безнадзейны, як рыфма “у сем – усім”,
спэцыяльна для соннага ru- і ua-перакладчыка.

Твар яшчэ не паголены, шыя яшчэ не намылена,
і фрызуру “раніца ў лесе” маеш на галаве,
а дзесь на вакзале стаіць электрычка – роўная, нібы зьвіліна.
Што на раскладзе? Вось мая – восьмая дваццаць дзьве!

Зранку ў мэтро – паэма: пэнсыянэрка-эма,
з галавою накрыўшыся фіялетавай чолкай,
як на падушцы, соладка сьпіць на рэкляме брсму…
Выхад. Вакзал. Электрычка. Дзюбай ня шчоўкай!

Галасы карабейнікаў пракручваюцца, як стужка.
Забаўляльным чытвом у дарогу набіты валізы:
“для аматарак пахудзець – “Камсамольская праўда талстушка”,
для астатніх жанчын – часопіс “Бедная Ліза”,

для адзінокіх мужчынаў – эрожурнал “Сон в руку”,
для самураяў і гейшаў – бансай, судоку, сэпуку,
адрыўныя календары – дачнікам і агароднікам,
газэта “Народная воля” – няўдачнікам і гаротнікам”.

“Зранку з пахмельля захочацца піць рыбам і вадалеям:
змажце набытым у нас мамэнтальным клеем
таксама набыты ў нас плястыр зь цялесным колерам –
і заклейце ўсе рыльцы пляшак з усім алькаголем…”

Ад цёплых, душэўных словаў мат запацеў на шыбах.
Назва патрэбнай станцыі абуджае, як выбух.
Лячу пад адхон на свае Жданы,
цягну за сабой недасьнёныя сны.
Лічыце мяне ахвярай рэйкавае вайны!