September 21st, 2008

canabis

Хто купіў кіеўскі слэм?

У пятніцу-суботу меў гонар удзельнічаць у фэстывалі “Кіеўская барыкада”. Шчыры дзякуй арганізатарам і здорава, што такі фэстываль ёсьць! Ведаю, што арганізацыя любога фэсту – сур’ёзная і няўдзячная праца. Абавязкова знойдуцца незадаволеныя, якія будуць ціха бурчаць (або, як я, гучна мацюкацца!), што кагось ня так пасялілі, кагось засудзілі на слэме, а кагось зь яго несьмяротнымі шэдэўрамі і амбіцыямі не пусьцілі ў цілівізар. Але ўсім незадаволеным магу хіба што параіць самім арганізаваць лепшы фэстываль, лепшы слэм ці лепшае тэлебачаньне. :) Асабіста я пачуваюся не зусім ёмка пасьля таго, як дазволіў сабе некалькі ня самых карэктных выразаў у адрас харошых і сымпатычных мне людзей. Шаноўны Сэм, выбачайце, я ня меў рацыі і яўна пагарачыўся. Дарагая Оля, мне сорамна за тое, што я табе нагаварыў. Даруйце, калі можаце, – а наперад усё-ткі своечасова сяліце стомленых і нэрвовых гасьцей, а то раптам яшчэ нейкі псіх ненармальны знойдзецца накшталт мяне.

Самыя пазытыўныя ўражаньні – ад унівэрсытэцкіх сустрэч са студэнтамі. Шчыры дзякуй усім з Політэхнічнага і філфаку Шаўчэнкі, хто знайшоў час прыйсьці. Спазяюся, вы ня вельмі шкадавалі пра адмененыя лекцыі. Я ж на паўтары гадзіны адчуў сябе харкаўскім паэтам, чытаючы ў класнай кампаніі таленавітых харкавян. Дзякуй Катрыне Хаддад, Коцараву і ўсім-усім-усім! Вышэй за ўсякія добрыя словы – Артэм Паляжака. Лепшым за паэта Паляжаку можа быць… толькі Паляжака як гасьцінны гаспадар! Дзякуй, я даўно ня меў такіх фантастычных начлегаў. Уявіце сабе: справа на канапе адна маладая і сымпатычная пара, зьлева – другая. І ты часам прачынаесься ад далікатных кантактаў сваёй рукі з моцнай мужчынскай далоньню: ці то табе выпадкова перападае пяшчота, што адрасавалася юнай абраньніцы, ці то тваю руку проста скідваюць, калі ты сам у сьне памылкова абдымаеш чужую абраньніцу. Так і скідвалі ўсю ноч – то справа, то зьлева.

Упершыню ў жыцьці пастраляў на палігоне з сур’ёзнай зброі: снайпэрская вінтоўка, кулямёт і проста аўтамат Калашнікава. І лішні раз пераканаўся, што правільна рабіў, калі дзесяць гадоў касіў ад войска. Я б з такой стральбою істотна зьнізіў баяздольнасьць любой арміі! Дзякуй інструктарам, якія моўчкі трывалі мой пацыфізм і разьдзяўбайства. Дзякуй кухарам ваенна-палявой кухні. Асабліва добра заходзіла ваенна-палявая “Хорціца”. Дзякуй артыстам, якія, можна сказаць, пэрсанальна для мяне ў ваенна-палявых умовах выканалі “Касіў Ясь канюшыну”! Шкада, што зьехаў раней і не падняўся зь іншымі паэтамі на паветраным шары. А можа, усё да лепшага: напярэдадні я столькі паліў са снайпэркі па маленькіх паветраных шарыках, што назаўтра было б страшна ляцець на вялікім.

Collapse )