September 18th, 2008

canabis

Прэзэнтацыя Дзядзькі Тома

3.18 КБ
Не прайшло і пяці гадоў з тых часоў, калі багароўны Міхась Скобла, натхніўшыся расійскім праектам “Строфы века”, сабраў і выдаў таўшчэзную анталёгію беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”. Ужо тады Міхась абяцаў, што будзе працяг – анталёгія найлепшых паэтычных перакладаў ХХ стагодзьдзя. Беларускія паэты, перакладчыкі і паэты-перакладчыкі паверылі Міхасю – і бяз малага пяць год марылі, спадзяваліся і зрэдзьчас пыталіся ў Міхася пры сустрэчы: “Ну, як там?..”

11.92 КБ Але згаданы ўкладальнік, а таксама матор праекту Аляксандар Фядута былі ня зломкі, ведалі сваю справу – і давялі яе да канца. Яшчэ больш таўшчэзны том “Галасы з-за небакраю” зьявіўся ў выдавецтве “Лімарыюс”. Рэспэкт і паважуха ўкладальніку і выдавецтву, віншаваньні ўсім перакладчыкам і найперш чытачам. Цяпер красы і сілы ў нас стала ўдвая болей!

Статыстыка ведае ўсё: у анталёгіі 658 аўтараў, перакладзеныя зь 57 моваў, 198 перакладчыкаў і нават адзін новы беларускі лічэбнік – “ПЯЦІДЗЕСЯЦІ СЯЦІ” (57-ці, sic!), які, па ўсім відаць, зьявіўся пад уплывам сусьветнага сеціва.

24 верасьня а 18.00 у канфэрэнц-залі “Палаца мастацтваў” (Казлова, 3) адбудзецца ўрачыстая-ўрачыстая прэзэнтацыя Тома. Ён такі вялікі, што хочацца назваць яго “Дзядзька Том”! Разам зь перакладчыкамі прыйдуць радавацца замежныя дыпляматы, якія будуць чытаць вершы на мовах арыгіналу – у тандэме зь перакладчыкамі. Таму, калі ты яшчэ не атрымаў гадавую шэнгенскую візу, ты запраста можаш злавіць адпаведнага амбасадара, устаць на зэдлік і прачытаць яму вершык – і будзе табе шчасьце!
nohi

Сустрэнемся на кіеўскіх барыкадах

Праз пару гадзін еду ў Кіеў, дзе заўтра двойчы выступаю ў межах фэстывалю “Кіеўская барыкада”. Буду рады бачыць усіх кіеўскіх фрэндоў, сяброў і проста добрых людзей! :)

Спачатку аб 11.30 чытаю ў кампаніі трох украінскіх паэтаў ва Ўнівэрсытэце Шаўчэнкі (бульвар Тараса Шаўчэнкі, 14). Акцыя мае дзіўную для мяне назву “Слэмэры”. Чаму мяне туды запісалі? Каб пераканацца, што слэмэр зь мяне ніякі, запрашаю заўтра а 19.00 на акцыю з гордай назваю “Головний Київський слем” (Києво-Могилянська академія, актова зала. Вул. Сковороди, 2, ауд.1-217), дзе мушу пратрымацца хоць 3 хвіліны (да канца першага раўнду :)).

Collapse )


А я тым часам пакую заплечнік – і пакідаю вершык на разьвітаньне. Чамусь у чатырох радках згадаліся аж дзьве показкі. Выбачаюся перад тымі, хто не памятае. :))

Палкавы капэлян, заправіўшы расу ў трусікі, 
пытаецца ў дэмбэля: “Што ты будзеш рабіць на гражданцы?”
“Пайду да малой – і будзем зь ёй 
                         стоячы слухаць гімн Белоруссіі”.
“Нельга, мой сыне, гэта ўжо танцы!”