August 30th, 2008

nohi

ну і на разьвітаньне :)

* * *


Бывай, свабодная стыхія!
Пагналі нашых гарадзкія.
Цяпер замучыць настальгія,
Як злобны карлік на мяжы.
Я палюбіў твае даброты,
Я еў з тваёй далоні шпроты.
Мне сьняцца гэтыя шыроты,
Але мясцовым не кажы.

Я да цябе імчаўся зранку,
Ды ўбачыў юную засранку –
І з ровару аб брукаванку!
(Цяпер кульгаючы хаджу.)
Я трапіў у твае ўлюбёнцы,
Штотыдзень абгараў на сонцы.
Твае музэйныя лівонцы
Мяне хавалі ад дажджу.

Даруй, свабодная стыхія,
Што рэдка плаваў за буйкі я
І што бывалі больш бухія,
Чым сарамяжлівы твой госьць.
Герой наступнага куплета
Прыедзе зноў сюды налета –
Абараніць імя паэта
І паказаць, якім ён ёсьць.

Ён прывязе з сабою грэлку,
А ў ёй айчынную гарэлку,
І ўвечары прызначыць стрэлку
Твайму чырвонаму стралку,
Як недарэку зь недарэкам,
З такім адборным саўндтрэкам
Аб нечым непаліткарэктным,
Каб чулі аж на маяку.

Дашлі ў бутэльцы запрашэньне,
А я спыняю галашэньне,
Бо маю поўныя кішэні
Тваіх бяздомных мурашоў.
Хай іншы крумкае крамолу
У рыфмах грубага памолу
З майго намоленага молу.
Бывай, стыхія! Я пайшоў.