August 28th, 2008

chkalava

ПРЫШЧЭПКА

Прачытала мама,
Як цягнулі рэпку,
І мяне таксама
Цягне – на прышчэпку!

Мамачка, галубка,
Не хачу на ўколы!
Лепей па кватэры
Буду бегаць голай.

Вашую прышчэпку
Бачыла я ў багне!
Цягнуць на прышчэпку,
А мяне – ня цягне!

(Што такое багна?
Ведаю – балота:
З багны на прышчэпку
Цягнуць бэгемота.)

Там мяне уколюць,
Будуць мазаць ватай!
Ты ж і застанесься
Потым вінаватай:

Не знайшла за “Рэпку”
Лепшага урыўку...
Не хачу прышчэпку!
Лепш зраблю прывіўку.
nohi

Грузіце апэльсіны бочкамі

Натхнёны геапалітычнымі гульнямі вядомага стратэга Ярылы Пшанічнага , прапаную сваю вэрсію старой як сьвет дзіцячай гульні:

Мы дзялілі часткі сушы.
Гэта частка – Джорджу Бушу.

Гэту частку пакідаем
Трэцім рымлянам з Кітаем.

(Што ня так? Правы Тыбэту?
Ты б яшчэ згадаў кабету!)

Гэту частку – Эўразьвязу...
Пачакай, ня ўсё адразу –

Хопіць немцам, скандынавам...
Курдыстан? А на храна вам?

Гэтую табе, араб,
У Ізраіля пара б!

Што, наадварот – габрэям?
Памыляемся. Старэем.

Хто шкадуе Індастану?
Кама-сутрай іх дастану!

Для брытанцаў. Для ірляндцаў.
А паўночным? Тут бяз шанцаў.

Афрыканцам. Аўстралійцам.
І крыху – кавказскім ліцам.

Ружаў – ружжаў? – для грузінаў.
Украінцам – апэльсінаў.

– Ці ня мала Беларусі?
– Я і гэтым ганаруся!

Ёсьць для рэзэрвацый нешта.
І пінгвінам – уся рэшта.

А для Атлянтыды – дно,
Ёй даўно – усё адно.
nohi

Вершы пра цяжкасьці творчага жыцьця

Пачынаю паціху вывешваць вершыкі пра складанасьці творчага жыцьця. Ніжэйшы тэкст прынцыпова няпоўны. Прымаюцца любыя творчыя прапановы. :)

Загарну бутэльку піва
У газэту “Наша Ніва”,

А ў газэту “Новы час”
Загарну я хлебны квас.

Пляшку з таннаю гарэлкай
Можна загарнуць “Саўбелкай”.

Мінэральную ваду
Лепш загортваць у "Зьвязду".

Загарнуць у "Нашу веру"
Лепш кагор, а не мадэру.

Можна разарваць “Архэ”
І загортваць ім сакэ.

Можна загарнуць “Мэрло” вам
Разадраным “Дзеясловам”,

Ды не загарнуць шампан
У агенства БелаПАН!