August 26th, 2008

nohi

Зьнесеныя ветрам: кіно з купюрамі

– Папяровая талерка
з рэшткамі шашлыку;

– плястыкавы кубачак
зь лікёрам “Бэнэдыктын”;

– мокры пакецік гарбаты
зь зялёным цэтлікам;

– шмат сурвэтак
белага й чырвонага колеру
(прывітаньне, патрыёты);

– папяросная папера
з крошкамі тытуню
і ня толькі яго;

– насоўка
сярэдняй ступені чысьціні...

Яшчэ сэкунду таму –
нацюрморт,
ператвораны ў рухомую карцінку.

Вышэй за ўсіх -
дзьве банкноты па дзесяць латаў
(трохі больш за 30 эўра) –

кошт
гэтай малабюджэтнай экранізацыі.
nohi

Латыская хроніка-І

Людзі на курорце

Людзі на курорце
зранку выходзяць на пляж,
а там – безнадзейны пэйзаж:

мора – 13 градусаў,
паветра – не нашмат цяплейшае,
і, што найпаскуднейшае, ад ветру –
пяшчаны самум на кожным квадратным мэтры.

Людзі на курорце
думаюць: “Што за фігня!” –
і абвяшчаюць ветру вайнушку,
але бальшыня
пасьля першага ж залпу ў вочы пяском
змушаная go home.

Трохі меншая частка
акопваецца ў выдмах,
дзе і сядзіць усё лета,
зрэдзьчасу па-пластунску
перасоўваючыся ў бок туалету.

Яшчэ меншая частка
хаваецца па хмызох,
сур’ёзныя мальцы – утрох,
паненкі – удзьвюх,
і толькі сьпіцы ровараў,
пабліскваючы на сонцы,
выкрываюць іх партызанскі рух.

Некаторыя
распранаюцца проста на варожай тэрыторыі,
ветру падставіўшы грудзі
з адвагай героя ці блазна.
Мужныя людзі,
але празь пясок уваччу
навакольнае бачаць ня вельмі выразна.

І толькі адзінкі
на лічбу 13 плявалі:
сігаюць у мора –
і апынаюцца па-за вайнушкай,
на ўласнай хвалі.

Але тут найчасьцей
зьяўляюцца ратавальнікі -
і цягнуць назад, бліжэй да ваенных падзей.