August 12th, 2008

nohi

Яшчэ адзін вершык пра ратавальнікаў

* * *
Казалі ж разумныя людзі лавіць пагоду, пакуль яна ёсьць,
а ты папёрся на мора ў хмары – здароваму сэнсу на злосьць.

А дожджык, які быў спачатку маленькі, цяпер узмацніўся ўтрая,
і кожная трэцяя галава, што з мора тырчыць, – твая.

Цікава, што б на гэта сказалі мэтры нашай літаратуры?
Хрэн табе возера! – цэлае мора ў акупунктуры!

З табою ў вадзе дзьве бабулькі, адна другую размоваю падтрымоўвае:
– Як добра, што тэмпэратура пакуль яшчэ не зімовая!

– І праўда, вадзічка сёньня цёпленькая такая,
градусаў дваццаць... або дзевятнаццаць, – і сарамліва змаўкае.

Ратавальнік з маторкі глядзіць зь нянавісьцю, як рассякаюць купальшчыкі.
Зараз пачнецца адлік тапельцаў!.. Ну так, ужо загінае пальчыкі.

А ты плывеш, схаваўшы на сушы свой скарб – ад нататніка да трусоў,
падставіўшы ліўню голаў, але ўсё адно намагаючыся не мачыць валасоў...

Ты не заважыў, як зьніклі бабулькі, бо пачаўся вятрыска,
а ты спадзяваўся, што хвалі пад час дажджу будуць лётаць нізка.

А хвалі – нічога асабістага! – проста займаліся сваёй справай,
і вось ты падставіў ім левую, сьпярша атрымаўшы па правай.

Хацеў дацягнуць да буйка – дарэмныя спадзяваньні...
Сам вінаваты, бо ты ня ў возеры і не ў пісьменьніцкай ваньне,

а там, дзе твае валасы зблытаныя – хрэну табе, а ня мокрай травы! –
з пальцамі ратавальніка, што цягне за іх і зь лёгкім расчараваньнем гаворыць: “жывы”.