August 11th, 2008

nohi

Учорашняе, крыху папраўленае )

* * *
пяць хвілін за дзень, магчыма, адгукнуцца плёнам
бо астатні час праходзіць недарэчным фонам
паглядзі, маяк падміргвае табе зялёным
а другі маяк падміргвае табе чырвоным

беражы матор, ня хопіць запасных дэталяў
а ты лётаеш за музаю сваёй кірпатай
паглядзі, мураш паўзе каля тваіх сандаляў
паглядзі, аса частуецца тваёй гарбатай

але твой п’еро, на злосьць разумным арлекінам
спакушаецца недасягальным сылюэтам
паглядзеў – сьпявай, і нехта назаве акынам
пасьпявай, глядзі – і нехта назаве паэтам

пяць хвілін гудкоў у незнаёмых тэлефонах
рэшта – цішыня, чытай у адпаведным творы
уяві сябе ў квартале ліхтароў чырвоных
і пасьля згадай, што гэта проста сьветлафоры

а таму даруй усім на сьвеце мудазвонам
бо і ты, чувак, тут не працуеш эталёнам
непазьбежнае міргне табе сьвятлом чырвоным
недасяжнае міргне табе сьвятлом зялёным
chkalava

ЧАМУ АГУРКІ КАЛЮЧЫЯ?

Некалі геніяльны паэт задаў пытаньне: "Чаму агурок не сьпявае?" Трывожныя весткі з дому паведамляюць, што Алена Х. пайшла ў сваіх пытаньнях яшчэ далей.


Прыходзіць Аленка і мучае:

“Чаму агуркі калючыя?
Чаму люстэрка бліскучае?
Чаму парфума пахучая,
а госьці прыходзяць кучаю?

Чаму такая трындзючая
ў навінах тэлевядучая,
а мамка на татку зьлючая,
як посуд мые анучаю?

Чаму казюрка паўзучая?
Чаму крапіва пякучая?
А дзьверы - такія рыпучыя?
А ўколы - такія балючыя?
ЧАМУ АГУРКІ КАЛЮЧЫЯ?”

Таму што ты даставучая!



P.S. Вершык такі, што колькасьць пытаньняў у прынцыпе можа быць любая. Таму калі ў вас узьніклі свае пытаньні - сьмела задавайце. :)
nohi

Во яшчэ нешта жахлівае напісалася :)

РАТАВАЛЬНІК

Я хачу працаваць ратавальнікам,
каб людзей ратаваць зь бяды,
каб дзяўчат у адкрытых купальніках
за купальнік цягнуць з вады!

З ратавальнай вышкі над портам
навісаць, як драпежны птах,
і пужаць нелегальным абортам
тых, што рухаюцца ў кустах.

Ратаваць буду шчыра й сумленна,
ад абеду і да слупа!
Вось зайшла ў ваду па калена,
па вышэй калена і па... –

падкрадуся – і ў мацюгальнік,
нават хвалі адступяць прэч:
“Выйсьці з прыцемкаў! Я – ратавальнік!
Ласты на шырыню плеч!”

Хай гаворыць пасьля, што ня мача я,
хай напіша ў ЖЖ: “Урод!”
Я яе, бы царэўну сьпячую,
ажыўляць буду – рот у рот.

Хай падзякуе словам гучным
і абразьлівым, на мой густ, –
уратую, дыханьнем штучным
калыхаючы штучны бюст.

Ёсьць вакансія? Падкажыце!
Сіл і часу маю вагон.
Не хачу над прорваю ў жыце,
дайце мора і мэгафон!