August 4th, 2008

nohi

Яна і я

яна ўвойдзе па лытачкі ў мора – і ўвесь пляж галовы паверне
нават хвалі за ёю сьледам паварочваюцца крыху
калі вецер яе сукенку раптам зробіць яшчэ паветраней
і дзяўчаты бойфрэндаў закопваюць у пясок – далей ад граху

і яна разумее, што я разумею, што рухі ветру папраўдзе
адпавядаюць маім, а магчыма, і ейным плянам
і бакланы лятуць, як даішнікі, на сьвятло яе срэбнага “аўдзі”
і, махаючы ёй наўздагон, я сябе адчуваю бакланам

і зьбіраю сны, як каменьчыкі зь дзікіх нудысцкіх пляжаў
і найлепшы растаў у роце, нібы рыская карамелька
і я плаваў да ранку ў ім так, бы ў вадзе нічога ня важыў
а назаўтра крочу танцуючай лёгкай хадою пахмельніка

і фантазія, крылы згарнуўшы, у інвалідны сядае вазок
і зь мяне пачынае сыпацца дробны балтыйскі пясок

4 жніўня 2008, Вэнтспілс