July 9th, 2008

canabis

Калюмбійскі дывэртысмэнт

1. Зайздрасьць

“Божа, як танчаць калюмбійцы!”

Крыху падумаў і дадаў:
“Я хацеў бы пісаць вершы так,
як танчаць калюмбійцы!”

Яшчэ крыху падумаў і дадаў:
“І проста танчыць, як калюмбійцы,
таксама хацеў бы!”


2. Правілы дарожнага руху

На скрыжаваньні спыняецца матацыкл.
Кіруе дзяўчына ў шаломе.
Ашаламляльна прыгожая.

Ззаду хлопец без шалома.
Сядзіць і –
з рызыкай для жыцьця –
не трымаецца за яе.

І ўсе калюмбійцы навокал
стаяць і думаюць:
“А я б за такую трымаўся.
Нават з рызыкай для жыцьця!”


3. Сымбаль міру

У самым сэрцы Калюмбіі,
на авэню El Colombiano
галубка сядае на дах,
а голуб – на галубку.

Тут магла быць мараль:
“Make love, not war!”

Але і безь яе ўсё робіцца правільна!