June 29th, 2008

nohi

Вершык пра няшчасную любоў

спадарожнік яе пажырае юрлівым позіркам
прыгажуня адказвае дэманстратыўным позехам
чорная шлейка станіка падзяляе напапалам
яе аголенае плячо
і ў думках яго бэдлам

ён думае кепска што ў цягніках не прадаецца кветак
і марна чакаць узаемнасьці не памяняўшы шкарпэтак
яна думае: меў бы ўсе шанцы дурань закамплексаваны
каб яна тры гады таму ня зьведала смаку нірваны

бо спаць аголенай удваіх цяплей чым адной у піжаме
і яна па-жаночы кахала – крыху аттапыранымі вушамі
і словы з усходнім акцэнтам вядома ж яе спакусілі
пасьля ён вядома ж зьехаў
а словы дагэтуль у сіле

яго салігорскі наступнік быў са сваімі загонамі
спакушаў яе аўтаспынам і сонцам за тэрыконамі
зь мілым рай і ў намёце
яна яму: ведаеш лёня
трахайся лепш з камарамі ў спальніку на паралёне

ён прысьвячаў ёй паэмы як пушкін і маякоўскі
яна выпраўляла памылкі і расстаўляла коскі
ды колькі б музаў над ім уначы не стаяла з паходняю
ёй падабаліся іншыя творы і пераважна ўсходнія

бо ў ейным ліфце радок СЬВЕТА КУРВА самы лагодны верш
а ліфт паводзіцца з пасажырамі як на бальных танцах найперш
падымаючы іх на трэці паверх апускае пасьля на другі
з надпісамі НІРВАНА і ШАХЦЁР САЛІГОРСК – БАГІ

…злы спадарожнік айчынным віном запівае грузінскі каньяк
без галаўнога болю прачнуцца ня выйдзе ніяк
а яна пакіне купэ са сьвежаю галавой
у якасьці помсты не абудзіўшы хлопца на канцавой


Такі вось вершык напісаўся. Толькі бракуе назвы. Можа, шаноўнае спадарства дапаможа прыдумаць? Пакуль што працоўныя вэрсіі "Нірвана", "Сьвета курва" і "Шахцёр Салігорск". :)