June 28th, 2008

nohi

Таксоўка да Цэнтру Эўропы

Езьдзілі з Улазімерам Арловым у Віцебск. Былі дзьве сустрэчы. Асабліва ўдалася другая, вечаровая. Шмат людзей, сымпатычная атмасфэра, адэкватная рэакцыя неабыякавых людзей - здорава! Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім, хто сабраўся!

А назад у Менск мы вярталіся зусім цудоўна. Цягнік стаяў дзьве гадзіны ў Полацку, і мы падумалі, што губляць іх у вагоне - недарэчнае марнатраўства. І прыемна прабавілі час у Полацку паміж адзінаццатай вечара і першай ночы. Начная Сафійка - нешта надзвычайнае. Бачылі найсапраўднейшы (паводле вэрсіі палачан) цэнтар Эўропы. Колісь нехта пажартаваў, што цэнтральная Эўропа - гэта ўсе краіны, якія ўпэўненыя, што цэнтар Эўропы - на іх тэрыторыі.

Але найбольш уразіў полацкі таксіст, што вазіў нас па начным горадзе. Пры гэтым кожныя пятнаццаць хвілінаў зь яго тэлефона раздаваўся прыемны жаночы голас, пытаючы, калі ён нарэшце да яе прыедзе. Кожнага разу таксіст казаў, што ўжо ляціць, што будзе празь пятнаццаць хвілінаў. І так каля дзьвюх гадзінаў. Нарэшце мы са сп. Уладзімерам зьлітаваліся і адпусьцілі таксіста на сустрэчу з прыўкрасным. І тут здарылася нечаканае: ён доўга адмаўляўся браць з нас грошы, кажучы, што таксама патрыёт Полацку і таксама хацеў бы размаўляць па-беларуску.

Я чакаў, што Ўладзімер параіць - у сваім стылі - пачаць з прыгажуні. Але Арлоў далікатна прамаўчаў.