May 14th, 2008

canabis

Насьця Афанасьсева

* * *

Як у паветры перадаюцца словы?
Праз кружэньне пылінак,
Праз блікі сьвятла,
Праз сон камароў.
Ляцяць гукавыя хвалі –
Нябачныя целы
Прамоўленых слоў.

Я стаю на Плошчы Канстытуцыі
Пад адным з найвядомейшых помнікаў
Нашага гораду. Нехта яго называе “лядоўняю”,
Нехта – “двое зь лямбарду”,
Я не называю яго аніяк.
Калі прызначаю пад ім сустрэчу,
Кажу “на Савецкай” (бо поруч з мэтром).
Але ўсе адчуваюць месца, пра якое гаворка, нутром.

Як у паветры перадаецца невымоўнае?
Проста лётаюць галубы,
Раскрываюцца рукі
І судакранаюцца плечы.
І ляціць, ляціць невымоўнае,
Залятае ў самае сэрца,
Так, што ўсё, чаго хочацца –
Проста легчы.

Я стаю пасярод Плошчы Канстытуцыі,
Сонца рухаецца, зямля круціцца,
У руках у мяне бранзалетка з драўляных пацерак,
Я перабіраю адну за адной.
Першая – я дурны і маленькі,
Другая – я дурны і падлетак,
Трэцяя – я дурны і дарослы,
Чацьвертая – плюю на клюмбу, чакаю.
Сьвятло ў паветры вясновага вечара
Зьзяе бы ўлетку,
Шалее й ачалавечваецца.
У торбу кладу бранзалетку, хутка сустрэча.

Як у паветры рухаюцца старыя?
У цесных садах,
Там, дзе брудныя сажалкі гарадзкія,
Сядзяць старыя й бабулькі –
У шыракаполых капелюшах, у квяцістых хусьцінках,
Не дайшоўшы да найбліжэйшага рынку
Альбо не вярнуўшыся з рынку.
Іх скура сухая, іх зрэнкі пустыя,
Іх рукі складзеныя на каленях.
Крошкі хлеба дзяўбуць гарадзкія птушкі.
Як яны прыляцелі, хто прынёс сюды іх,
Худых прыгожых старых?
На якіх крылах яны прыляцелі,
Якімі шляхамі зьніклі?
І як нам убачыць, крануць
Іх, што цяпер у паветры,
У асаблівай прасторы
Між словамі й невымоўным?

Я стаю на Плошчы Канстытуцыі.
Ты сёньня такая цудоўная.


Collapse )