May 9th, 2008

nohi

З Днём Перамогі!

17 чэрвеня каля пятай гадзіны дня Сабака Паўлаў намагаецца спусьціцца ў падземку. Ён падыходзіць да турнікета, ідзе проста на жанчыну ва ўніформе і дастае з кішэні вэтэранскае пасьведчаньне. Жанчына ва ўніформе глядзіць у пасьведчаньне і чытае: «Паўлава Вера Навумаўна».
— Ну? – пытаецца.
— Бабуля, – кажа Сабака Паўлаў.
— Дзе бабуля?
— Гэта, – паказвае Сабака пасьведчаньне. – Мая бабуля.
— Ну і што?
— Яна – вэтэран.
— Ну, а ты чаго хочаш?
— Яна ў танку гарэла.

Жанчына яшчэ раз глядзіць у пасьведчаньне. Хто яе ведае, думае яна, можа і гарэла, па фота ня скажаш.
— Ну, добра, – кажа яна. – А ад мяне чаго трэба?
— Прапусьціце, – гаворыць Сабака.
— А ты што – таксама ў танку гарэў?
— Ну, пачакайце, – пачынае таргавацца Сабака, – можа, я ёй паесьці нясу.
— Што паесьці?
— Ну, паесьці, – Сабака прыгадвае, што насамрэч есьць ягоная бабуля, калі ёй даюць. – Малочныя прадукты, разумееце? Сыр.
— Сам ты сыр, – бяз злосьці кажа цётка ва ўніформе.

Сабака разумее, як усё гэта выглядае збоку. Што вось ён б’ецца галавой аб велічэзны бясконцы мур, якім ад яго адгарадзілася жыцьцё, б’ецца безь ніякай надзеі на посьпех, і ўсе жыцьцёвыя спакусы, у тым ліку і праезд у мэтрапалітэне, яму цяпер проста ня сьвецяць, вось як гэта выглядае. Ён зьбірае ўсю сваю волю ў кулак і гаворыць нешта кшталту таго, што, маўляў, паслухайце, жанчына, ён, вядома, гаворыць ня так, але зьмест прыблізна такі. Дык вось, паслухайце мяне ўважліва, кажа ён, добра? Толькі не нэрвуйцеся. Вось што я вам скажу, жанчына. Вы, канечне, можаце зьневажаць мяне, я бачу, што вы зьневажаеце мяне, вы ж зьневажаеце, так? Паслухайце, паслухайце, я хачу яшчэ сказаць, паслухайце. Але пры ўсім пры гэтым, разумееце, як бы гэта сказаць – ну, вы там, я ня ведаю што, вы па-рознаму можаце да гэтага ставіцца, згодны, для вас гэта можа нічога ня значыць, але пагадзіцеся – мая бабуля можа здохнуць з голаду толькі праз тое, што мяне – яе законнага ўнука, перапрашаю, вось так проста не прапусьціла ў мэтро нейкая падла тылавая. Пагадзіцеся? (ну, у гэтым месцы яны проста паабкладалі адно аднаго, але хай будзе так) – ён канцэнтруецца і раптам прашмыгвае ў жанчыны пад рукамі, узмахваючы ў паветры вэтэранскім пасьведчаньнем, і зьнікае ў халодных кішках падземкі.

«Якая падла тылавая? – думае жанчына. – Я ўвогуле – 49-га году нараджэньня».

Сяргій Жадан. Дэпэш Мод
Пераклала Тацяна Ўрублеўская

Узята адсюль: http://arche.bymedia.net/2006-10/zadan610.htm