April 30th, 2008

canabis

Яшчэ Жадан

23,45 КБ








17 траўня Сяргій Жадан (і ня ён адзін, але пра гэта асобна :) выступае ў Менску, у Акадэміі мастацтваў. Таму маю не заўсёды лёгкую, але заўсёды прыемную працу - абеларусіць сёе-тое зь Сяргіевых тэкстаў. Вось некаторыя вынікі. Канструктыўная крытыка (пакуль ня позна й да вечарыны ёсьць час) вітаецца! :)






+ + +

Сьмерць матроса рачнога флоту
схаваная ў прыбярэжнай гліне,
покуль ён робіць сваю работу,
покуль мусоны стаяць у даліне.

Ціхія баржы, імклівыя шхуны,
што ў акіяны зносіць вадою,
кранаюць хрыбта басовыя струны,
гавораць: яна ня будзе з табою,

гэта жанчына, са срэбрам у горле,
з сэрцам са слановае косьці,
найстойваецца на ўласным горы,
не дачакаўшы тваёй мілосьці,

кінула ўсё, што таіла ў мэтах,
дажджы хавае глыбока ў целе.
Чуеш, па валасах яе медных
рыбалавецкія плачуць арцелі?

Таму плыві сабе паўз парогі,
паўзь мігатню электрычных турбінаў,
як найдалей ад сваёй трывогі,
як найдалей ад гэтай краіны.

На залатыя агні малярыі,
на стомлены голас дзевы Марыі,
на сутоньне адэскіх туманаў,
цёплых ад мулу тлустых ліманаў.

На плаўнікі пурпуровыя скумбрыі,
на горкія хвалі марскога іспыту,
на верную сьмерць, на холад па скуры
ад чорнай крыві, ад тэхнічнага сьпірту.

Тады папросіш хоць трохі ласкі,
каб адыходзіць ня так глыбока,
каб не забылі табе пакласьці
па срэбнай манэце на кожнае вока.

А потым цемра ляжа на грудзі
і зоркі табе перастануць сьніцца.
А потым і сэрца змушана будзе
спыніцца.


Collapse )