March 12th, 2008

sto li100u

Сустрэча з прыўкрасным

Пару дзён таму ў Менск прыехаў шаноўны госьць з Польшчы, паэт з прыгожым польскім іменем Аляксандар Розэнфэльд. :) Цяпер я ведаю, як выглядае і паводзіцца прафэсійны паэт. Пан Аляксандар займаецца ўлюбёнай справай шмат гадоў – і вельмі сур’ёзна ставіцца да сябе ў сваёй прафэсіі. Ён аўтар больш як трыццаці паэтычны кніжак і процьмы публікацыяў на розных мовах. Паказваў мне публікацыі па-расійску і на іўрыце, кніжкі, выдадзеныя ў Варшаве, а таксама ў Ерусаліме і ў самім Ватыкане, у выдавецтве Папы (тут я зьлёгку прыбалдзеў). Паказваў аскетычную кніжачку, выдадзеную ў падпольнай сэрыі паэтаў “Салідарнасьці”, разам з Бараньчакам і іншымі героямі (тут я другі раз павёў бровамі :)). Але дабіў мяне пан Аляксандар вершамі. Да трагічных паэмаў пра халакост я быў маральна падрыхтаваны, а вось вострая эротыка ў выкананьні сямідзесяцігадовага паэта мяне агаломшыла. Час ад часу ён перапыняўся і пытаўся ў мяне, ці не занадта нахабныя, ці дастаткова далікатныя яго тэксты? Я нешта мычаў ня вельмі ўпэўнена. Паэт расказаў пра новую кнігу, якая ў яго вось-вось выйдзе: плён любоўнага ліставаньня па электроннай пошце з “адной вельмі таленавітай дваццацігадовай дзяўчынай”. Скажы, Andrzeju, праўда ж, вельмі арыгінальная ідэя – ніхто ж да мяне не рабіў паэтычнай кніжкі са сваіх электронных лістоў? “Вядома ж, ніхто”, - ветліва паттакваў я…


Зрэшты, навошта тут мае пераказы? Заўтра той, хто знойдзе вольны час а нетрывіяльнай для паэтычных чытаньняў ранішняй гадзіне, зможа ўбачыць і пачуць Аляксандра Розэнфэльда на ўласныя вочы і вушы. Дзейства адбудзецца 13 сакавіка, на філфаку БДУ (К. Маркса, 31), а 9.45, у аўдыторыі 222. Працоўная мова – польская.