March 3rd, 2008

nohi

З Днём пісьменьніка :)

СТАРЫ ПАЭТ

Стары паэт
ня мае шкодных звычак,
бо ад сьпіртнога зранку бывала пякотка,
а ад цыгарэтаў жаўцелі зубы;
потым зубоў ня стала,
ды не мяняць жа звычак на схіле гадоў.
Што да наркотыкаў,
дык ён мог бы намякнуць на знаёмства зь імі
дзеля таннай папулярнасьці ў моладзі,
але хай моладзь сама
дбае пра танную папулярнасьць,

а стары паэт
шырока вядомы,
хоць і ў вузкіх колах,
затое настолькі шырока,
што юныя літаратары
пасьля паэтычных чытаньняў,
апынуўшыся ў прыбіральні
ля суседняга з мэтрам пісуара,
ад хваляваньня забываюць расшпіліць прарэх.
“Вось здорава! – думае паэт. –
Я б так ня змог!”

Collapse )