January 11th, 2008

canabis

12+1. Ужо ў Нямеччыне :)

Нам не дано предугадать,
Как слово наше отзовется, —
пісаў клясык і, безумоўна, меў рацыю. Яшчэ ў 2004 годзе, па выніках літ. конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, я склаў зборнік маладых літаратараў і назваў яго "12+1". Пяцёра зь іх з таго часу ўжо выдалі свае кніжкі, дзьве кніжкі Прылуцкага на падыходзе, а Дзіма Дзьмітрыеў (яго як адзінага расійскамоўнага там сымбалізавала "адзінка" ў назьве) нават засвоіў беларускую. Але я зараз не пра гэта.

Перадалі мне ўчора зь цягніка аўтарскія асобнікі нямецкага часопісу "DIE HOREN" - зь вялікай падборкай беларускай паэзіі. Ніякага дачыненьня да падрыхтоўкі нумару я ня меў, але назва часопіснай падборкі была мне падазрона знаёмая: "12+1. Паэты зь Беларусі".

Сьпіс перакладзеных і апублікаваных такі: Янка Юхнавец, Алесь Разанаў, Надзея Артымовіч, Анатоль Сыс, Уладзімер Арлоў, Ігар Бабкоў, Віктар Сьлінко, Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Джэці (Вера Бурлак), Вольга Гапеева, Зьміцер Вішнёў і - аддзеленая знакам *** - Вальжына Морт.

Ёсьць у сьвеце справядлівасьць: як тады да мяне чапляліся, што ўсё-ткі азначае гэтае "12+1", так цяпер я сам б'юся над загадкай: што мелі на ўвазе немцы? Можа, 12 беларусаў і адна эмігрантка? Але Янка Юхнавец таксама эмігрант, і ўкладальнікі гэта ведаюць. А Надзея Артымовіч – грамадзянка Польшчы. Можа, жывыя і мёртвыя? Мужчыны і жанчыны? Усё не пасуе.

Можа, у вас, шаноўныя сябры, ёсьць вэрсіі?