January 7th, 2008

chkalava

Калядны дар – каляндар

Шукаючы зорку, удзень зь ліхтаром,
здаецца, спазьніўся – а не!
Бо кожны ў Каляды бывае царом
і сьвята яго не міне.

Бо мы – беларусы, і маем у дар
адзін каляндар і другі каляндар.

І нехта паставіў ялінку,
зрабіўшы рэальнасьцю сны.
А хтось яшчэ мае хвілінку,
бо ёсьць каляндар запасны.

Па першых Калядах – другое Раство:
адным – хараство і другім – хараство!

Хоць жолаб цяпер называецца ясьлі,
ды сьвечкі ня згасьлі.
Хоць трох каралёў называюць валхвы,
ды кожны жывы:

Каспар, Мэльхіёр, Бальтазар –
К+М+Б –
і новая зорка – табе!

Учора кулялася чарка,
і несьлі ў пячору дары…
А сёньня цьвярозыя й хочам падарка
па іншым календары!

2006