January 5th, 2008

nohi

Вуснамі немаўляці

Ці можна назваць нашу Аленку "немаўляткам"? Хутчэй "невымаўляткам". Ня ўсе гукі даюцца ёй аднолькава лёгка. Пакуль што найпраблемнейшы – “л”. Вядома ж, можна ўсіх падмануць і казаць замест яго іншы гук. Якая розьніца, і так усё зразумела: “гавава” – яна і значыць “гавава”, асабліва калі на ёй набіць сіняк, альбо калі яна баліць у мамы. Але бывае нявыкрутка, і даводзіцца праглынаць цэлыя склады. Тады ўласнае імя з “Алюні” ператвараецца ў “Аню”. Так часам і называе сябе: “Аня”. Але днямі, што называецца, зусім уразіла.

Сустракаем мы, значыцца, Новы год. Самі-ведаеце-хто ўжо сказаў самі-ведаеце-што. Прабіла дванаццаць. Загучала цудоўная песьня ў харавым выкананьні. І тут малая пачынае падхопліваць апошнія словы апошніх радкоў. І ў адказ на “Вечна жыві і квітней, Беларусь!” выдае ня менш гучнае: “БА-Ю-СЯ!”

Яно й зразумела. Я ў ейным веку таксама спалохаўся б: такая кодла людзей сьпявае такую прыгажосьць. Але, адсьмяяўшыся, падумаў: вось ужо напраўду – вуснамі немаўляці. Беспамылкова агучаны галоўны матыў соцень гімнапісцаў і соцень тысяч гімнасьпеўцаў РБ.

Што да нас, то нічога страшнага: крыху падрасьцем і ўсе патрэбныя гукі засвоім. (Хтось больш патасны сказаў бы: “І навучымся вымаўляць БЕЛАРУСЬ як трэба!”) Складаней зь дзіцячымі хваробамі згаданых вышэй грамадзян…