December 31st, 2007

chkalava

Джынгл бэлз

Калі сымпатычны атрамант неба зазьзяе сьвяточным надпісам,
калі фігурыстка-зіма размалюе вокны галяндзкім сьцізорыкам, –
на кожнай ялінцы запаліцца Бібліятэка й запахне канабісам
да самых вышыняў, і весела-весела зробіцца зоркам.

Агні на ялінках падсьвечваюць апошнія ночы сьнежня.
З апошнім ударам курантаў замежныя скончацца візы.
Але ты сёньня ў гуморы, і робіцца нават сьмешна,
як Ірад рыхтуе свой хор да дзіцячае Эўравізіі.

Сьнягурка-мулатка сьпявае калядкі, як Джэніфэр Лопэс,
і сьнег падазрона кладзецца дарожкамі ёй на дрэды.
А Дзеду-Марозы ўсё роўна: яму падабаецца хлопец,
у беларускім садку на ранішніку сустрэты.

А ў небе ўсё весялей, і добра сьледам за зоркаю
з бутэлькай “Тры каралі” па сьвеце ісьці паломніку.
Сьняжынкі – як лёд у шклянцы: глыток – і адразу торкае,
і, тонучы ў гэтым кактэйлі, хапаесься за саломінку.

І нехта заняты гатоўкай ці ў краме разьвітваецца з гатоўкай,
і нехта ў зімовым футры ў чужой заначуе ваньне.
А сьвяты разгортваюць сьвет каляднай паштоўкай
і бэтлеемскай асадкай пішуць табе віншаваньне.

І зноўку бяжыш дадому, і сэрца, як колісь, ные,
і сьлёзы, як некалі, замярзаюць у куточках вачэй.
І Новы год набліжаецца, як гопнік з паліфаніяй,
і – звон зьвініць, звон зьвініць, звон зьвініць грамчэй!