December 24th, 2007

chkalava

Калядныя вершы

Меў учора чытацкую (дакладней, слухацкую) прыемнасьць. Быў на падвядзеньні вынікаў конкурсу аднаго каляднага верша. Дзякуй Віцы Трэнас, Георгію Барташу й музэю Багдановіча, што ён адбыўся. :) Паэты й паэткі сабраліся й файна выступілі. Ня ўсе даехалі да Менску, асабліва бракавала фракцыі магілёўскіх аматараў гольфу майстроў верша Анкі Упалы й Віталя Рыжкова. Іхныя вершы ўголас чыталі мы самі. Абсалютнага пераможцы як такога не было, бо кожны сябар журы вызначаў свайго фаварыта (сваіх фаварытаў) і ўзнагароджваў іх, як мог. Я выявіўся "самым шчодрым" (калегі з журы нават зайздросна мяне падкалолі), вылучыўшы аж чатырох паэтаў. І ўзнагародзіўшы, як мог, траіх зь іх. Сустрэну Віталя Рыжкова - таксама ўзнагароджу, як змагу. :)

Чытаў я гэтыя вершы амаль суткі ня спаўшы й толькі-толькі вярнуўшыся з падарожжа. Стомлены, сонны і злы. Цуд паэзіі ў тым, што чатыры ніжэйшыя тэксты "прабілі", нягледзячы на мой далёкі ад высокага й прыгожага стан. Тым прыемней перачытваць іх адпачыўшым і добрым. Не магу не падзяліцца гэтай радасьцю. Прыемнага чытаньня! Шчасьлівых сьвятаў!


Collapse )
chkalava

Калядны раманс

Іосіф Бродзкі

Калядны раманс

Яўгену Рэйну, зь любоўю

Плыве ў журбоце беспрычыннай
паміж цаглянага надсаду
караблік зыркай аблачынай
ад Аляксандраўскага саду,
начны ліхтарык нечуваны,
як ружа жоўтая, прыгожы,
над галавой сваіх каханых,
ля ног прахожых.

Плыве ў журбоце беспрычыннай
пчаліны хор прапойцаў сьмешных.
Глядзіць маркотнымі вачыма
й фатаграфуецца замежнік,
і выяжджае на Ардынку
таксоўка, хворая вякамі,
і сталі мёртвыя ў абдымку
з асабнякамі.

Плыве ў журбоце беспрычыннай
сьпявак маркотны па бульвары,
ля крамы з газаю айчыннай –
маркотны дворнік круглатвары,
плыве з паненкаю кісейнай
стары каханак-малайчына.
Картэж апоўначы вясельны
плыве ў журбоце беспрычыннай.

Плыве ў імгле замаскварэцкай
плыўца ў няшчасьце цяжкі подых,
гучыць гаворкаю габрэйскай
на жоўтых, на маркотных сходах,
і, плывучы ў журбу зь мілосьці,
каляднаю, нядзельнай госьцяй
сумуе пекная дзяўчына
бяз дай прычыны.

Плыве ўваччу халодны вечар,
дрыжаць сьняжынкі на вагоне,
марозны вецер, бледны вецер
апёк чырвоныя далоні;
ў агнёх мядовых далягляды
і пахне смачнаю халвою,
начны пірог нясуць Каляды
над галавою.

Твой Новы год на хвалі сіняй
за плыняй шуму гарадзкога
плыве ў журбоце беспрычыннай,
нібы жыцьцё пачнем нанова,
і будуць зноў сьвятло і слава,
удалы дзень і ўдосталь хлеба,
нібы жыцьцё хіснула ўправа,
хіснуўшы ўлева.

28 сьнежня 1961

Collapse )