December 1st, 2007

canabis

Сьнідаборцы

Сёньня ў кампаніі маладога барда Зьмітра Казлоўскага ўпершыню ў жыцьці быў у Салігорску. Мясцовыя актывісты (шчыры дзякуй salihorsk'у, insurhent'у ды іншым!) запрасілі нас на дабрачынны канцэрт, прысьвечаны дню змаганьня са СьНІДам. Сабраныя грошыкі пайшлі на дапамогу віч-інфэкцыяваным дзеткам, якія ў Салігорску, на жаль, ёсьць.

У актавай залі адной з салігорскіх школаў сабралося некалькі дзясяткаў сымпатычных людзей, амаль выключна моладзі. І амаль цэлы дзясятак людзей менш сымпатычных. Чалавек у міліцэйскай форме. (Увайшоў у залю якраз тады, калі я сьпяваў: “Што табе сьніцца, мужчына з пагонамі?..”) Яшчэ некалькі чалавек у цывільным. Цягам канцэрту (які атрымаўся досыць вясёлым) ніхто з апошніх не ўсьміхнуўся. Наадварот, паглядалі падкрэсьлена варожа. Мы пасьля са Зьмітром вырашылі, што нічога асабістага ў гэтай нянавісьці не было. Проста як яшчэ ставіцца да людзей, празь якіх ты ня маеш выходнага, не адпачываеш зь сям’ёй, а мусіш пільнаваць нейкіх беларускамоўных сьнідаборцаў?

Было яшчэ зь пяток настаўніц і прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі, якія сачылі, каб усё было ціп-топ. Адна зь іх перад выступам папрасіла мяне паказаць ёй кніжкі, зь якіх зьбіраюся чытаць. Ёсьць прапановы, ад якіх не адмаўляюцца. Яна, значыць, уважліва гартае, а я гіпнатызую старонкі, каб яны разгортваліся правільна. Відаць, нейкаму ўверсе не абыякавая барацьба са СьНІДам у Салігорску, і ніводнай няправільнай старонкі не разгарнулася. І канцэрт адбыўся. І сымпатычная моладзь кідала паперкі ў каробку сымпатычнай дзяўчыне Хрысьціне. А апранутыя ў чорнае бамбізы, хоць і не паслухалі мяне й не адключылі сваіх мабільнікаў, але болей нічым імпрэзе не заміналі.