November 19th, 2007

nohi

Пра кіно, ЦіВі і эўрапейскія каштоўнасьці

Быў учора ў Вільні на запісе ток-шоў “БелСата”. Глядзеў тэлесюжэты – і згадваў БТ, асабліва леташняе, сакавіцкае. Амаль той жа ўзровень тэндэнцыйнасьці (толькі, агітацыя, зразумела, у супрацьлеглы бок). Беларусь малюецца палярна, ужываюцца толькі два колеры, усё альбо-альбо. Рух сюжэтаў: ад змрочных карцінак беларускага “бруду”, “п’янства”, “боек”, “фрывольных паводзін моладзі” (знайшлі ж недзе!) да прасьветленых кадраў Эўрапейскага маршу. Выснова: ты альбо п’яны валяесься пад плотам, альбо змагаесься за эўрапейскія каштоўнасьці. Трэцяга ня дадзена. Гэты выраз – эўрапейскія каштоўнасьці – увогуле стаў у нашых інтэлектуалаў такім сабе словам-паразытам. Ведаю людзей, якія трох сказаў безь яго правільна ня зьвяжуць.

Неяк у Бэрліне сам ледзь не аблажаўся, ужыўшы пару такіх эўрапейскіх штампаў, падчас гутаркі з маладой паэткай… з Паўднёвай Карэі. Добра, своечасова спахапіўся. І ведаеце, знайшліся незаштампаваныя, нармальныя чалавечыя тэмы, якія можна з прыемнасьцю абмяркоўваць зь мілай дзяўчынай на ламанай (маёй, у яе – дасканалая) ангельскай. Напрыклад, спорт. Яна выявілася ня толькі папулярнай на радзіме літаратаркай, але й добра вядомай спартовай журналісткай. Гэта быў проста турнір узаемных беларуска-паўднёвакарэйскіх камплімэнтаў. Яна мне – пра Аляксандра Глеба з “Арсэнала”, я ёй – пра Чы Сон Пака з “Манчэстэра”. Яна – пра Кацярыну нашую Хадатовіч, я – пра трыюмф іхнай жаночай зборнай па акадэмічным веславаньні ў Сэуле. Яна – пра колішні беларускі мужчынскі гандбол, я – пра цяперашні карэйскі. І тут мяне дзёрнула памяняць тэму і пахваліць іхны кінэматограф у цэлым і Кім Кідука ў прыватнасьці. Ёй заставалася альбо згадаць і пахваліць штось з нашага кіно, альбо… Яна выбрала “альбо” – і аблаяла Кім Кідука за кансэрватызм і мужчынскі шавінізм.

Лепш бы я трындзеў пра “эўрапейскія каштоўнасьці”.