November 10th, 2007

liankievich

За Беларусь!

Натхнёны канцэртамі зорак беларускай эстрады, вырашыў зрабіць свой сьціплы ўнёсак у стварэньне пазытыўнага вобразу нашай бацька-ўшчыны. Вывешваю папраўленую, трохкуплетную вэрсію "гімну":


Мы вялікія артысты, кожны зорка і вандроўнік,
наш матыўчык прыліпае, нібы муха цэцэ.
На канцэрце для даярак нас пачуе ўвесь кароўнік,
і назаўтра ўся краіна патанае ў малацэ!

Вецер ласкава казыча нашы майтачкі ў палоску,
і на ўсіх пагранзаставах б’е трывогу палітрук.
Як казаў паэт Гамэр Вэнэры Мілоскай,
я ня бачу,
я ня бачу,
я ня бачу вашых рук!

Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!

Нашы постэры і дыскі разыходзяцца са сьвістам,
нас на ролі партызанаў запрашаюць у кіно.
Нам зялёныя з чырвоным шыюць тапачкі стылісты,
нам паэты-гімнапісцы пішуць лоўка і даўно!

Мы гучым у вашых сэрцах – ад народзін да паховін!
Альпіністы пад Лагойскам, не вярнуўшыся з гары,
паміраюць з нашай песьняй… Як казаў паэт Бэтховэн,
я ня чую вашых вопле… вашых воплескаў, сябры!

Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!

Пець бяз голасу і слыху – цяжка, самі паспрабуйце!
Гэта як мянтам – раманы, але ж пішуцца тамы!
Вашы стомленыя пальцы нас намацваюць на пульце…
Ўсё бліжэй да першай кнопкі… Добры вечар, вось і мы!

Хай зайздросьнікі гавораць, што ня тыя дупы ліжам,
што тры чвэрці нашых зорак па-ангельску зараўлі…
Гэта нашая фанэра пралятае над Парыжам,
каб вярнуцца на Палесьсе, як увесну жураўлі!

Чуваць зашыбісь нас,
відаць зашыбісь нас!
Выклікай на біс нас,
рабі з нас
бізнэс!