October 29th, 2007

liankievich

Парны тэніс

Даведаўшыся пра верш Марыйкі http://users.livejournal.com/maryjka_/329563.html, вырашыў прапанаваць пэрспэктыўны паэтычны праект - "Парны тэніс": аўтары разьбіваюцца на пары і кожны піша верш. Вершы павінны быць зьвязаныя міжсобку - жанрава, тэматычна альбо якім іншым чынам. Вось, наўздагон Марыйчынай, мая частка. Паэты добрай волі, ДАЛУЧАЙЦЕСЯ! :)


Парны тэніс (Мікст)

Зьбіраючы пары ў каўчэг, капітан быў, відаць, у сасіску –
інакш запрасіў бы на борт беларускага тэнісіста і тэнісістку.

На гэтай зямлі кожны сам за сябе, у сваёй пэрсанальнай аблудзе,
а мірныя беларусы гавораць: “мы – парныя людзі!”

Сусьвет на краі, ды яна – аптымістка, і ён – аптыміст,
бо прывідна ўсё ў гэтым сьвеце, і ёсьць толькі мікст.

Хай некаму хочацца ўсунуць два пальцы й даўжэй не вымаць іх з разэткі,
ды ўсім, хто гаворыць, што выйсьця няма, яны кажуць, што ёсьць, і выходзяць да сеткі.


Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!


Зірнуўшы на іншы бок корта са шкадаваньнем і лёгкай агідаю,
ён падаE і выходзіць да сеткі, нібыта нерат закідвае.

Ён падаE другую падачу й выходзіць да сеткі наперад,
нібыта другі раз закідвае нерат.

Ён бы і трэці закінуў – і шчэ невядома, што ў нерат бы трапіла,
калі б ворагі не ўвялі супраць трэцяй падачы падступнае правіла.

Яго мячык – як муха, што на ляту набывае вагу слана,
асабліва калі ў кароткай сукенцы зь ім побач на корце яна.


Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!


Хай зараз мільёны экранаў паказваюць іх паразу,
мільёны пасьвечаных ведаюць: цуд не прыходзіць адразу.

І голуб апусьціцца зь неба, нібы да каўчэга, і захвалююцца сьведкі,
убачыўшы мячык для трэцяй падачы, – і нашы зноў выйдуць да сеткі.

У гэтай гульні не бывае канца, кожны ўдар – гэта новы пачатак,
і, паглядзеўшы на корт, нашы мальцы іначай глядзяць на дзяўчатак.

І, ловячы позірк, дзяўчынка абуджаецца ад зімовае сьпячкі.
Хоць мама гаворыць: “няма чаго тут лавіць”, яна ловіць і прыносіць хлопчыку мячыкі.


Ён ня beauty і яна ня beauty,
паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
ды калі яны ў пары,
яны робяць удары,
якіх не відаць на радары!