October 27th, 2007

nohi

Як у самалётаў зьляталі штангі

У чацьвер, выступаючы ў Горадні, чытаў верш пра лятаючы 38-ы тралейбус. Прачытаў – і падумаў, што гуляю ў небясьпечныя гульні, мне ж назаўтра ляцець самалётам ва Ўроцлаў: калі ў мяне тралейбусы лётаюць, то ўжо ў самалёта штангі зьляцяць адназначна. Так і здарылася.

Для пачатку самалёт Менск-Варшава спазьніўся, я не пасьпеў на перасадку – і мой уроцлаўскі самалёт паляцеў безь мяне. Добра, у палякаў такія выпадкі прадугледжаныя (відаць, рэгулярна самалёты спазьняюцца), і мне памянялі білет на пазьнейшы рэйс.

Варшаўскі аэрапорт імя Фрэдэрыка Шапэна сустрэў мяне гасьцінна. Нават рэмень прымушалі выцягваць са штаноў на адзін раз меней, чым у Менску. Праўда, адабралі дзьве пляшкі бухла зь менскага д’юці фры. Затое цяпер я ведаю, што такое тэрарызм у аэрапортах, пра які столькі гавораць у міжнародных навінах. Але я быў рады, што разрулілі праблему зь перасадкай, - і амаль не пратэставаў. Хай мае “Бэхераўка” з “Бэйлісам”, што засталіся ў аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна, паслужаць лепшаму паразуменьню паміж нашымі краінамі ў галіне клясычнай музыкі!

Ва Ўроцлаве ў аэрапорце імя Мікалая Капэрніка затрымалі выдачу багажу. Я ўжо быў падумаў, што мае рэчы таксама паслужаць паразуменьню паміж нашымі краінамі – у галіне астраноміі. Але абышлося.

Ужо ва Ўроцлаве я сьцяміў: гэта ўсё робіцца наўмысна. Так загартоўваецца нэрвовая сыстэма пасажыраў. Крыху пачакаеш спозьненага самалёта, крыху паходзіш, падтрымліваючы рукамі нагавіцы без рэменя; падзелісься сваім алькаголем з супрацоўнікамі аэрапорту – і, глядзіш, ужо ня так хвалюесься, калі самалёт адрываецца ад узьлётнай паласы. Бо хвалявацца бессэнсоўна. Бо, як ні чакай падлянкі, яна заўсёды прыйдзе не з таго боку, адкуль ты яе чакаў.