October 21st, 2007

nohi

Як я памагаў жонцы

Чакаючы гасьцей, жонка гатуе вячэру. Я пасільна дапамагаю. Чышчу і рэжу цыбулю. А яна, паскуда, едкая – так і грызе вочы. Каб хоць неяк захаваць твар, спрабую жартаваць. Кажу, што ў Італіі, мабыць, расьце пераважна чырвоная і саладзейшая, чым у нас, цыбуля. Іначай ніякі Чыпаліна ня быў бы станоўчым героем, а быў бы сымбалем дзіцячай жорсткасьці і бязьлітаснасьці. Але гумар не надта дапамае. Сьлёзы ўсё адно цякуць. Іду ў лазенку прамываць вочы. Пакуль вярнуўся, жонка ўсё дачысьціла сама й бадзёра гаворыць: “Добра, што я ў лінзах і цыбуля ня есьць вачэй!”

Вось так амаль заўсёды. Мужчына, дапамагаючы жанчыне, цешыць сябе ілюзіяй нейкага “рыцарскага ўчынку”, думаючы пра сваю незаменнасьць. А жанчына зь лёгкасьцю магла б зрабіць гэта сама, часам нашмат лепей. І толькі тактоўнасьць прымушае яе не паказваць гэтага. Тактоўнасьць і нешта яшчэ, што часам называюць каханьнем і што нават сучаснага мужыка часам натхняе на “рыцарскія подзьвігі”. :)