September 8th, 2007

canabis

Каменны Анёл-V

Вывешваю пятую карціну "Каменнага Анёлу" Марыны Цьвятаевай па-беларуску. Вось пераклады папярэдніх карцін:
Каменны Анёл-І.
Каменны Анёл-ІІ.
Каменны Анёл-ІІІ.
Каменны Анёл-ІV.

Арыгінал Пятай карціны.


КАРЦІНА ПЯТАЯ. ПЯРСЬЦЁНАК

Логва Амура. Каменныя сьцены пячоры, увешаныя трафэямі любоўнага – і іншага – паляваньня. Так, уперамешку: сэрцы, працятыя стралой, шкуры зьвяроў, паляўнічыя нажы, флейты; над уваходам, як радаводнае дрэва, – рогі аленя; у куце – жахлівая галава дзіка; самастрэлы, ад найгрубейшага да выразанага, цацачнага; пёры нікім ня бачаных птушак, маскі й паўмаскі. Каменны бярлог Фатуму – і будуар Красуні. На падлозе, на мядзьведжай шкуры, у адзеньні прыдворнага паляўнічага, закінуўшы рукі за прыўкрасную, нібы сонца, галаву, – сьпіць Амур. Уваходзіць Герцагіня. Дваццаць гадоў. Цёмная прыгажуня. Чорная парчовая роба – колам – ад пазалоты.

ГЕРЦАГІНЯ
(упіраючыся кончыкам пальца ў грудзі Амуру)

Сьпіць паляўнічы?

АМУР
Герцагіня!
Вы тут! Адна ўначы! Бязь сьвіты!

(Хоча ўстаць. Герцагіня пяшчотна, але ўладарна кладзе яго на ранейшае месца.)

ГЕРЦАГІНЯ
Ты ведаеш, што гонар гіне
З адной надзеяй: быць разьбітым!
Што крэпасьць марыць – быць узятай,
Што мара выбранай – быць сотай
Па ліку. Ад вясны дваццатай
Не абароніць сан высокі!

АМУР
Як муж?

ГЕРЦАГІНЯ
Ўзаемнае каханьне
Мы зь ім перажываем, мабыць:
Бо мужа вабіць паляваньне,
А жонку паляўнічы вабіць!

Я вас кахаю! Невыноснай
Сабе раблюся. У адлучку –
Законны муж, а я – у хроснай
Начую сёньня…

(Сьмяецца.)

АМУР
(ужо канчаткова ўваходзячы ў ролю)

Дайце ручку!

Collapse )