September 2nd, 2007

chkalava

Людмілу й Андрэя Адамовічаў шчыра віншую! :)

ДЗЕНЬ ВЕДАЎ З АНДРЭЕМ АДАМОВІЧАМ

Сёньня зранку пабачыўшы мора сьцягоў…

Гіём Апалінэр


Сёньня зранку мяне абудзілі галасы пад вокнамі. Першаклясьніцы зь белымі банцікамі й курсанты з жоўтымі аксэльбанцікамі радасна крочылі й гучна размаўлялі.

Я зразумеў толькі словы “Адамовіч”, “Сьвіслач” і “Аўтобус пацягне!”. “Пры чым тут аўтобус?” – падумаў я – і паехаў на ўзьбярэжжа ракі Сьвіслач.

На Сьвіслачы былі ўрачыстыя гуляньні, усе радаваліся – і толькі філёзаф Б. і паэтка Н. горка плакалі, быццам іх не запрасілі на вясельле.

– Вы ня бачылі Адамовіча? – спытаў я ў іх.

– Славамір у Нарвэгіі, – пакрыўджана адказалі яны. – Але ён бы запрасіў.

І тут я згадаў, што мяне ж таксама, і без усякага “бы”! Вось толькі куды, куды мяне запрасілі?

У гэты момант мне на плячо элегантна звалілася птушыная какашка.

– Точна! – асяніла мяне. – Галубы. Пікаса. Аліва. Каханьне. Жратва на халяву. Чарка! Скварка! Горка! Белы аўтобус жоўтага колеру. Адразу за ЦУМам. 16 месцаў для сядзеньня, а яны там адны, Госпадзе, адразу пасьля ЗАГСу, у памежнай зоне, а я тут на Сьвіслачы зь першаклясьніцамі й курсантамі ў параднай форме!

І ўсё мне стала ясна, як дзень. І жончын мабільнік зазьвінеў, як першы званок. І галубы разьбіліся на пары й пашыхтаваліся ў дзьве шарэнгі па прынцыпе “хлопчык-дзяўчынка”. І першаклясьнік зь незашпіленым прарэхам раптоўна нагадаў мне анёла з Вострава сьлёз.

І, памяняўшы кашулю, грошы й настрой, я іду купляць новую школьную форму і кветкі.

Але своечасова спыняюся – і абмяжоўваюся кветкамі.


Менск - г.п. Сьвіслач, 1 верасьня 2007