August 18th, 2007

nohi

ПРАДАЕЦЦА кАЛЯСКА!

Людцы добрыя, ня корысьці радзі, а токма воляю паслаўшай мя жаны, дазвольце агучыць рэклямную абвестку!

24,59 КБ
Прадаецца вазочак, двойчы апяяны ў беларускай літаратуры:

http://khadanovich.livejournal.com/5333.html
http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=4952

Вазочак патрыманы, але ўсё яшчэ сімпацішны, загадкавай польскай фірмы Aromax. Тыповы джып-трансформэр (аднолькава прыдатны як для сну, так і для прагулянак седзячы) элегантнага цёмна-сіняга колеру з жоўтымі краткамі. Лёгкі ў кіраваньні, праходзіць паўсюль, цалкам апраўдваючы сваю назву, нават можа пераадольваць сумёты (вышыня пераадоленага сумёту залежыць ад сілы бацькоў). Колы лёгкія, без праблемаў здымаюцца, калі трэба адмыць ад гразі і бруду.

Вазочак прайшоў дзьве пары рук, то бок разьдзёўбвалі яго два дзіцёнкі. Аднойчы паламаўся, але быў пачынены так сумленна, што калі б яго цяпер ламалі дзесяць немаўлятаў разам, развалілася б усё, акрамя адрамантаванага месца.

Маюцца: здымная люлька і торба, якая вешаецца на ручку, для розных дробязяў. Адсутнічаюць: дажджавік (а хто вас прымушае гуляць у дождж?) і маскітная сетка (мы цудоўна абыходзіліся кавалкам цюлю). Гэтыя недахопы можна лёгка ліквідаваць у любой крамцы дзіцячых тавараў за невялічкія грошы.

Аддамо ў добрыя рукі па самым сымбалічным кошце: месца ў доме даражэй!
liankievich

Музэй дзяўчатаў

Хораша гопніцы, добра эстэтцы
ў Нацыянальнай Бібліятэцы.

Вось Юля: такія вабноты
сустрэнеш ня ў кожным кіно ты.
На ейным стале “Сто гадоў адзіноты”
і нейкія ноты.

Вось Воля, сяброўка Юліна.
На месцы пупа – пірсінгавая адтуліна.
Чытае Бураўкіна і Барадуліна.

У Алі прыгожыя кудзеры.
Калекцыянуе скутэры.
Чытае раманы Кундэры.

У Варвары-красы
фарбаваныя валасы.
Чытае “Каласы
пад сярпом тваім”.
Робіць вочы адразу дваім.

Мая –
фрызуру чырвоную мае
і патрыманы “Запар”.
Чытае ўсё запар.

Студэнтка з Амэрыкі Эрыка
праглядае каталёгі з ваннамі “Эўрыка!”,
“Сэрца цемры” і Велета Цемрыка.

Брунэтку Іру
засьпяваем з чацьвертым томам “Вайны і міру”.

Бляндынку Тому –
на сярэдзіне трэцяга тому.

Ксюша –
добры слых, прыгожыя вушы –
чытае “Імёны Ружы і Грушы”
й жаночую энцыкляпэдыю “Тысяча спосабаў ня думаць аб мужы”.

Ася
чытае кніжку “Каляда Югася.
Галоўная памылка Афанасія”.
Афанасій – галоўная Асіна пасія.

Яна зь Янава
чытае вершы Разанава.
Не ўрубаецца. Перачытвае занава.

Лене з
пантамі інтэлектуалкі падабаюцца Вайль і Геніс,
Міры – кніга пра “Мірны тэніс”.

Віка – чытае “Трэнас”.

Нону
вывахавалі ў павазе да нацыянальнага канону –
аддае перавагу Зянону.

Госьця з Масквы –
замест аўганскай травы
ўжывае кніжкі “Вершnick” і “Вершnick без галавы”.

Вальжына
ў футболцы “Белшына” –
з кніжкай “Добры дзень, мая шыпшына!”

Клава са Шклова
ўсе іншыя творы Арлова
на памяць вучыць адмыслова.
Засталася прыблізна палова.

У Соні – чытанак сотні,
ды ўлюбёныя “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”
і “Беларусь Сегодня”.

Таня
чытае “Дажыць да сьвітаньня”,
Яраслава – “Аблаву”,
Рая – “Вайчыную зграю”,
Сьвета – “Трэцюю ракету”,
згаданая Тома – “Доўгую дарогу дадому”,
а ў Лоры – яго вершаваныя творы.

За дадатковую плату – чего не сделаешь ради денег! –
уключу ў гэты сьпіс і цябе, калі ты дзяўчына альбо пісьменьнік.
Шукай абменьнік!