August 14th, 2007

liankievich

старая песьня пра галоўнае

гэтыя шлюбныя гульні апафэоз бязладзьдзя
як эльфійская песенька ў гоблінскім перакладзе

ён надзімае грудзі кажа словы чужыя
потым каштоўным каменем вісьне ў яе на шыі

і яна яму хоча зь верай надзеяй каханьнем
віснуць таксама на шыі каштоўным каменем

сёньня ў кіно: альмадовар фон трыер джармуш
заўтра відэа дома пазаўтра пацягне замуж

новыя строі купляе і нават шые
потым глядзіць а камень на іншай шыі

у найлепшым выпадку за ўсё атрымае кія
што тут паробіш такія ўсе гарадзкія

іншая рэч калі пакахае вясковы
ён капітальны грунтоўны абавязковы

скажаш яму што любіш жыць у раскошы
ён парсюка адкорміць і будуць грошы

скажаш каб мінімум тры туалеты: ранішні дзённы
і вечаровы ён скажа окей наіўны як усе маладзёны

працавацьме ўвесь дзень і ўначы ў асьвятленьні поўні
і змайструе табе ў агародзе аж тры шпакоўні

потым вясельле й калі да канца мядовага месяца
ты яго не павесіш і ён з табой не павесіцца

будзеце жыць шчасьліва да сканчэньня вякоў
ходзячы ў агарод і слухаючы шпакоў
nohi

начная чытанка

люблю калі збываюцца прыдумкі
і карабель “хаос” ляціць у космас
паэт зафіксаваў свае лятункі
і песьцячы наяве нечы комплекс
дзяўчынка не вымае з рота гумкі
гартаючы амэрыканскі комікс

пачатак траўня першая маланка
забытая вядзьмаркаю спадніца
на гарцы шабаш на алімпе п’янка
і ветраная геба-чараўніца
читатель ждёт уж рифмы “лесбиянка”
паэту сьніцца рыфма “навальніца”

паэт на водах мроіць аб свабодах
з каханкай і яе вучоным мужам
вучоны муж ліе гарбату ў сподак
на злосьць музычным крытыкам і сьцюжам
ласкавы май пяе аб вешніх водах
ружовым вечарам і белым ружам

аўфідэрзэйн свабодная стыхія
хацелі ў прагу пасадзілі ў танкі
адных няма ўдалечыні другія
скуголяць пад каштанамі каштанкі
чытач чакае рыфмы “настальгія”
а слухачы сваёй начной чытанкі

хацелі помнік атрымалі гэткі
што вырасьце калосам кожны колас
нібы агент ангельскае выведкі
жывы журнал захоўвае твой голас
і тчэ рука забыўшыся і кветкі
харошыя і сьвежыя як колісь