August 7th, 2007

nohi

Ліст падзякі :)

Калі Божанька хоча пакараць балбатуна, ён спачатку перапаўняе яго ўражаньнямі, а пасьля адлучае яму інтэрнэт...

Так і здарылася тыдзень таму – скончыўся мой амаль палутарамесяцовы літаратурны ваяж, а вось падзяліцца ўражаньнямі магу толькі сёньня. І, мабыць, яно й да лепшага, забылася шмат выпадковага, таму буду казаць адно сутнасныя рэчы – імі выявяцца амаль выключна падзякі (пагатоў цяпер гэта робіцца добрым тонам сярод беларускіх гастралёраў – справаздача ў форме ліста падзякі :)).

Вось жа, вялікі дзякуй кіраўніку literaturWERKstatt Томасу Вольфарту за цудоўную арганізацыю бэрлінскага Poesiefestival’ю. Сымпатычная рэч – бачыць на ўласныя вочы, скажам, жывога нобэлеўскага ляўрэата Дэрэка Ўолката. Але найбольш уразіла нават ня гэтае, а тое, як – у адпаведнасьці зь непрадбачанай зьлівай – вялікія паэтычныя чытаньні (разам з усёй публікай!) за лічаныя хвіліны пераносяцца з адкрытай пляцоўкі пад надзейны дах. Аказваецца, чытаць вершы пад дажджом – ніякі не культурны гераізм (як мне здавалася раней), а звычайнае разьдзяўбайства арганізатараў. А таму, калі чарговы беларускі арганізатар будзе разводзіць рукамі перад зачыненай заляй, куда ў апошні момант не пусьцілі, і пры гэтым усё сьпісваць на злачынны рэжым, я згадаю немца Т.Вольфарта, які б на такі выпадак меў бы цэлы веер хуткіх і якасных запасных варыянтаў.

Шчыры дзякуй спадару Хайку Штрунку, куратару паэтычнага сайта www.lyrikline.org.
Вось дзе сапраўдны культурны гераізм і ўменьне за мінімальнае бабло (якое нават у Нямеччыне даюць ня ўсім і не на ўсё!) дабіцца максымальных вынікаў. Я ўжо маўчу пра цікавасьць да беларускай культуры і аптымістычныя пэрспэктывы для пашырэньня там нашай паэзіі.

Хай берагуць літоўскія паганскія багі паэта, перакладчыка й арганізатара фэстывалю “Вялікае Княства Паэзіі” Ўладаса Бразюнаса. Фэстываль пад асабістым патранажам прэзыдэнта і міністра замежных справаў Летувы – гэта крута. А яшчэ круцей, што гэтыя людзі – глыбокае чалавечае ачю Пятрасу Вайцекунасу! – адукаваныя настолькі, што абсалютна не выглядаюць сьмешнымі побач з паэтамі. Так што ў кожнай краіны свой хакей. :)

Арганізатары і ўдзельнікі польскага фэстывалю “Хвалі паэзіі” на чале з Вальтэрам Марыяй Стаянам былі настолькі натхнёнымі й апантанымі вершамі, а само сумоўе зь імі настолькі сымпатычным, што нават неяк незаўважна мінулі тры дні суцэльных дажджоў, і абсалютна не шкада, што ў выніку ляснуўся заплыў на байдарках па Мазурскіх азёрах. Вось толькі ўставалася кожную раніцу ўсё пазьней і цяжэй... Асобны дзякуй маім сябрам і перакладчыкам львавянцы Галцы Крук і калінінградцу Ігару Бялову! А сапраўдным героем эўраінтэграцыі быў чэскі паэт Ярамір Тыплт, які тры дні самаахвярна рыхтаваў мяне да кантактаў з чэскай публікай у Брне, цярпліва выпраўляючы мае вучнёўскія памылкі ў чэскіх сяміпавярховых лаянках. Нешта я нават запомніў і быў гатовы адказаць на першы ж наезд з боку чэскай публікі. Шкада, не прыдалося, і гэта нагода для чарговай падзякі.

Слухачы паэзіі ў Брне – адны з найлепшых, з кім мне пакуль давялося кантактаваць. Беларускія калегі, што наракалі на нешматлікасьць публікі і ўзаемнае неразуменьне з чэхамі, мне вас проста шкада! :) Такой колькасьці замежных слухачоў і такога жаданьня слухаць і разумець яшчэ трэба пашукаць! Спэцыяльны рэспэкт і паважуха Сяргею Сматрычэнку, які выцягнуў беларускі бок арганізацыі фэстывалю на цэлы месяц, быў і арганізатарам, і вядоўцам, і перакладчыкам, ды шчэ й цярпеў крытыку самых капрызных і расьпешчаных беларускіх геніяў. :) Шчыры дзякуй Максу Шчуру за чэскія пераклады, Юрасю Бушлякову за гасьціннасьць у Празе, а таксама ўсім праскім беларусам, якія прыйшлі на сустрэчу са мной і цярпелі мае чытаньні-сьпяваньні аж дзьве гадзіны. Дзякуй усім супрацоўнікам беларускага “Радыё Свабода” за 1 жніўня – цудоўна ведаў, што згвалцяць, але не падазраваў, што будзе настолькі прыемна. :)

І, нарэшце, тое, з чаго, можа, трэ было пачынаць. Дзякуй “Літаратурнаму Калёквіюму” ў Бэрліне за фантастычны падарунак – цэлы месяц пісьменьніцкай стыпэндыі на возеры Ванзэе. Столькі вольнага часу я ня меў ужо даўно і калі шчэ буду мець! Самае падступнае ў кантактах зь імі – поўная адсутнасьць творчай справаздачы. Я абсалютна нічога не абавязаны быў рабіць, і гэта добра-такі натхняла на рабленьне самых розных рэчаў. Дзякуй цудоўным бэрлінцам Каці Іваноўскай і Маркусу Тэвісу, буду рады дачакацца моманту, калі ўбачу маленькіх Тэвісятаў! Клясную перакладчыцу Катарыну Нарбутовіч чакаю ў госьці ў кастрычніку! А яшчэ крыху пазьней, спадзяюся, у прэстыжным нямецкім часопісе зьявіцца капітальная падборка зробленых Катарынай перакладаў беларускай паэзіі – ад Янкі Юхнаўца й Алеся Разанава да Вальжыны Морт і Вашага пакорнага слугі. Ну і як, скажыце, тут ня дзякаваць?! :)

Вось жа, на заканчэньне справаздачы пра паўтара месяцы паэтычных сьвятаў – пераклад майго верша на расійскую, зроблены Ігарам Бяловым. Думаю, у тэму, бо “сьвяты”, як мне здаеца, напраўду адбыліся. Арыгінал тут: http://khadanovich.livejournal.com/11633.html


ПРАЗДНИК ПОЭЗИИ
(по мотивам Андрея Родионова)

Вечер поэзии, увы, переносится –
автор вчера получил в переносицу.

Автор хотел быть поэтом-хулиганом –
и вот не прочитает теперь ни фига нам.

Автор читал свои стихи проституткам.
На третьей строке его назвали ублюдком.

Молчание – золото, слово – серебро.
Автор ответил. А ему – под ребро.

Автор нас баловал изящными строчками,
пока теплым вечером не дали по почкам.

Любитель Бодлера, переводчик Паунда
не продержался до конца первого раунда.

Для чужих мозгов не жалея пудры,
на компьютере выдрачивал про любовь все утро,

держался за мышку на зависть микки-маусу,
а вот в реальной драке взял и застремался.

Автору заехали шикарным ботинком,
поэтому мы отменяем вечеринку.

Упал на землю, вот и песня вся.
Вечера не будет. Праздник удался.

Перевод с белорусского Игоря Белова