July 25th, 2007

liankievich

Яшчэ крыху арніталёгіі )

Сёньня заканчваецца месяц маёй стыпэндыі ў Бэрліне, і я падумаў, як бы гэтую рэч адзначыць папрыкольней. І згадаў аднаго вялікага паэта, які сваім вершам разьвітваўся з цэлым стагодзьдзем і сустракаў новае. Я, вядома ж, не ангельскі клясык, і бэрлінскі ліпень - ня цэлае ХІХ ст., таму птушка, якой быў прысьвечаны верш, памянялася на іншую, але цешу сябе надзеяй, што нешта ўсё-ткі засталося. :)


ЯШЧЭ АДЗІН СПОСАБ УБАЧЫЦЬ ШПАКА

Стаяла сьпёка. Не было
за лета ні дажджу.
Алкаш ня выйдзе па бухло,
пра іншых не кажу.
І нават птушка не ляціць
на яблыні і на...
Пасохла, маць тваю іціць,
уся садавіна!

Пасохлі вішні і агрэст,
і груш чакаць дарма,
чарэшняў – нашае зэ бэст! –
і для шпакоў няма!
Пасохлі градкі і гальлё,
лістота й карані...
А ты гаворыш мне: “Алё!
Хутчэй на двор зірні!

Там у шпакоўні хтосьці ёсьць!..”
Я думаў, што ў сарцір
забраўся выпадковы госьць
з мазгамі набакір.
Ці, можа, сонечны удар
адначасова ў нас?
Птушынай хаты гаспадар
пяе на ўвесь калгас!

Такую песьню валіць шпак,
што п’яніца гатоў
цягнуць цьвярозага ў кабак.
(Цьвярозы – кліч мянтоў!)
Так, нібы сам плады дзяўбе,
гурман дабра і зла,
і кліча нас, мяне й цябе,
і шчэ таго казла.

Стаялі у такой бядзе
наш сад і агарод,
настолькі не было нідзе
для радасьці нагод...
А тут – гармоніі выток,
сымфонія шпака –
так нечакана, як цьвяток
радзімы васілька.

У гэтым сьпеве сьмех і плач,
сэнс нашага быцьця.
Я побач зь ім адно смаркач,
бязглуздае дзіця...
І па шчацэ сьляза цячэ,
і цягнецца рука
да малатка – зрабіць яшчэ
шпакоўню для шпака!