July 24th, 2007

nohi

Прыватная тэрыторыя

“Прыватная тэрыторыя – ўсе пайшлі нах!” –
як мага болей ветліва кажа мне шыльда,
за шыльдаю плот, з таго боку сядзіба, газон, узьбярэжная і
палоска вечнага кайфу з блакітнымі лёгкімі хвалямі.

Уверсе ні хмаркі, навокал плюс сорак,
вочы ня бачаць ад поту, а побач
яшчэ прыватная тэрыторыя,
і яшчэ адна, і яшчэ, а таму,
калі хочаш дайсьці да легальнай вады,
мусіш паўзьці ў абыход, калі хопіць сілы паўзьці,
дваццаць хвілінаў паўз плот, і наступны
з шыльдай: “Прыватная тэрыторыя – ўсе пайшлі нах!”
І ідуць, а што застаецца?..

Неяк я плыў на пароме па возеры й бачыў
тыя ўзьбярэжныя зь іншага боку,
і ўбачыў такое, што сьцяміў:
яны абсалютна ня сукі, а проста
ёсьць рэчы, якімі ты нават хацеў бы
з кімсь падзяліцца, але ацаніць іх магчыма адно
пахадзіўшы па сьпёцы, паплаваўшы ў іншай вадзе
і зірнуўшы зь іншага боку.

Я зразумеў трохі больш пра цябе і мяне,
і я больш не крыўдую на гэтыя блядзкія шыльды.

Кожнага разу, калі захачу апісаць наш з табой вечны кайф,
найлепшае, што я змагу –
гэта матам абкласьці іх: “Добрыя людзі,
я вельмі прашу, калі ласка, ня трэба
заходзіць: прыватная – плот – тэрыторыя – шыльда!
Усё, што магу, калі хочаце, прапанаваць –
гэта шпацыр на дваццаць хвілінаў убок
церазь сьпёку, а потым заплыў
праз сумнеўныя хвалі, што я тут ганю –
і погляд зь іншага боку...
Калі хопіць сілы даплысьці”.