July 23rd, 2007

canabis

літоўскі дывэртысмэнт )

Ігар Бялоў

паштоўка зь вільні

шэры кардонны мятлік вылецеўшы з рукі
растае ў паветры бразгаючы дзьвярыма
празь нержавеючы лівень валячы напрасткі
час ідзе міма

я не дазнаюся ўжо – настолькі почырк размок
дзе цябе носіць як ліст у бутэльцы на радасьць тапельцам
і ў кавяні якой цэпэліна сьвінцовы бок
прабіты нажом і відэльцам

пад якімі зорамі твой заблукаў адчай
на вачах у разгубленай палавіны вакзалу
покуль з дынамікаў льецца празь небакрай
першая навальніца са смакам вясны й мэталу

нават па сьмерці я буду слухаць ты гавары
так вось і будуць гучаць на вуліцы і ў кватэры
словы што не абламіліся чайкам на морскім вятры
і ня сьцяміць што ў запісе а ня ў простым этэры

за паўночнай мяжой круцяць песьню пра боль і страх
наступіўшы на горла мору й антыцыклёну
гэты цягнік нясецца зь вільні на ўсіх парах
жамойцкага самагону

Пераклад з расійскай.

Арыгінал тут: http://polutona.ru/?show=0530153518
nohi

даверасьнёўская лірыка

калі танкам
прэ натхненьне
калі твой штодзёньнік
ён жа нататнік
ён жа чарнавік
яшчэ не запоўнены на тры чвэрці
калі на палях тваёй пісаніны
першы месяц вясны
павольна перацякае ў другі

можна сьмела
рыфмаваць
“сакавік-красавік”
потым крэсьліць
пісаць нанова
словы
радкі
вершы
застанецца
кожны
чацьверты
і дзякуй

але вось ты даходзіш скажам да “17 верасьня”
спыняесься й мімаволі пачынаеш эканоміць старонкі
даўжэй думаеш каб потым давялося меней закрэсьліваць
імкнесься пісаць шчыльна каб як мага болей уціснуць у кожны дзень
і настальгічна згадваеш
сваю
даверасьнёўскую
лірыку