July 22nd, 2007

nohi

Хайку-нацюрморты )

Вечарова-аптымістычны:

На стале “Бэйліс”
і сродак ад камароў.
Сёньня я тут п’ю.


Ранішне-пэсымістычны:

Пусты стол, на ім
адкрывалка ад піва –
увесь нацюрморт.
nohi

Адносная вільготнасьць

Калі галоўны паэт тваёй краіны
заканчвае сваю чарговую вялікую імправізацыю
на ўсіх каналах тэлебачаньня,
у тэлескрыні раптам зьяўляецца маленькі клоўн.
Ён мае сьмешны саламяны капялюш,
вялікія сялянскія вусы,
дурацкія саладжавыя інтанацыі ў голасе
дый іншыя адзнакі фальклёрнага жыхара рэзэрвацыі.
Каб давяршыць камічны эфэкт,
клоўн пераходзіць на тваю мову:
“А зараз, шаноўныя тэлегледачы,
дазвольце пазнаёміць вас з прагнозам надвор’я.
Заўтра чакаецца пераменлівая воблачнасьць,
вецер паўночна-заходні, памяркоўны,
ціск столькі й столькі мілімэтраў іртутнага слупка...”
Калі клоўн даходзіць “да адноснай вільготнасьці”,
мільёны жанчын тваёй краіны,
што яшчэ ня цалкам адышлі ад выступу паэта,
ізноў ажыўляюцца. Яшчэ б, некаторыя зь іх
усё яшчэ вільготныя, а ў некаторых
проста пабліскваюць вочы ад расчуленых сьлёз;
ёсьць і тыя, чые вочы сухія,
да таго ж палаюць стрымананым гневам;
самыя злачынныя пачынаюць рагатаць,
як рагаталі й пяць хвілін таму.
Тады ў выглядзе клоўна
праступае нешта эйнштэйнаўскае:
хто-хто, а супрацоўнік дзяржгідрамэтцэнтру
цудоўна ведае, што вільготнасьць –
штука адносная...