July 21st, 2007

canabis

Яшчэ адзін польскі пераклад

Лешак Энгелькінг

Пяты дом

Маі

– Вось тут пяты дом, –
адказаў мне прахожы,
прымружыўшы вока.
– Там ёсьць спачывальні
з парцьерамі з плюшу,
шмат лесьвічных клетак
і клетак для птушак,
кіно і кавярня,
скразьняк і пах ружаў,
чытальная заля
паўночнага неба,
але невядома,
што можа таіцца
ў ягоных падвалах.

Густоўныя дзьверы,
і клямка паблісквае
зыркаю зоркай,
нібыта палохае
і ўвадначас
запрашае на сходы.

– Яшчэ невядома,
што можна сустрэць
на ягоным гарышчы,
якія пачвары,
крывавыя бэстыі,
страшныя монстры,
жахлівыя здані... –
сказаў мне прахожы
і зьнік у цямрэчы.

А я адчыніў
дзьверы пятага дому.

Пераклад з польскай.
nohi

Бэрлібр

Тэрмін “бэрлібр” прыдумалі год таму мае сябры Ўладзімер Арлоў і Марыйка Мартысевіч для маіх бэрлінскіх вэрлібраў з элемэнтамі акынства. З таго часу я яшчэ пару разоў пабываў у Бэрліне й працягваю пісаць у азначаным жанры. Карыстаюся нагодай выразіць свой рэспэкт ім абодвум як папярэднікам: спадару Ўладзімеру як найлепшаму, на мой погляд, беларускаму акыну-вэрлібрысту, а Марыйцы – як перакладчыцы чэскага рамана “Неба ПАД Бэрлінам”, дзе гаворка, як і ў ніжэйшым опусе, пра U-bahn. Вось жа, чарговы бэрлібр:


U

Перакуленая падкова
бэрлінскага U-bahn’у
абяцае шчасьце ўсім,
хто верыць у прыкметы.

І я калекцыяную падземнае шчасьце,
тыкаючы пальцам у новыя й новыя
станцыі ў схеме мэтро.
...Восем, дзевяць, дзесяць –
нібыта зьбіраю падковы.

Кожны дзень я раблюся
ўсё больш і больш падкаваным
у арытмэтыцы,
каб аднойчы пачаць адваротны адлік.

...Дзесяць, дзевяць, восем
шчасьлівых падковаў
да перасадкі на праскі,
а потым на менскі,
а потым шэсьць станцый мэтро,
тры прыпынкі ў старэнькім гарбатым
ці новым зялёным...

А пасьля на другі паверх,
абняць, падвесьці да ложка
і перакуліць – на шчасьце.