July 18th, 2007

liankievich

Пасядзеў на прыродзе... )

З дуба падаюць жалуды,
хоць выклікай паліцыю! *
Я ж не маленькі і не худы,
значыць, мне не ўхіліцца!

“Што я зрабіў вам?! За што, жалуды?! –
стаўлю пытаньне рубам. –
Можа, я проста сеў не туды,
пад няправільным дубам?

Я ж за жыцьцё ніводзін лісток
не сарваў на гэрбарый!
Я ж спажываў бярозавы сок
толькі з гарэлкай у бары!

Кожная кветка – мая пратэжэ,
толькі “Грынпісу” веру,
вершы зьмяшчаю толькі ў ЖЖ,
каб эканоміць паперу!”

Мне дубовыя кажуць лісты:
“Што ты скардзісься тупа?
Гэта ня жолуд з дуба, а ты,
мабыць, ляснуўся з дуба!

Гэта ўсё промысел Божай рукі,
вышняя воля Яговы!
Як не баіцеся, чарвякі,
наракаць на Яго вы?

Як ты дайшоў да такога жыцьця?
Як ты паводзісься? Што ты
зноў павёўся на глюк, як дзіця, –
размаўляеш зь лістотай?..”

Я апрытомнеў. Глянуў наўкол.
Выпадак нетыповы.
Жарцікі лёсу. Кармы прыкол.
Гумар жыцьця дубовы.

Зрэшты, хто ведае, колькі жыве?
(Вірусы, голад з холадам...)
Дуб з галіны па галаве
стрэліў кантрольным жолудам...

* Вярнуўшыся на радзіму, папраўлю на “міліцыю”.