July 12th, 2007

canabis

Пад крылом самалёта, альбо Спроба рэваншу

За некалькі апошніх месяцаў зь дзясятак маіх вершаў зьявіліся па-расійску. У перакладах калінінградзкага паэта, майго сябра Ігара Бялова. У добрых перакладах добрага паэта. Дайшлі і ў мяне рукі да Ігарава верша. Не таму што - ён мяне, як зязюля пеўня, а таму што напраўду зачапіў тэкст "усход-захад". ) Вось арыгінал, мяркуйце самі: http://igor-belov.livejournal.com/31729.html

Але перакладчыцкі рэванш выйшаў падвойным. Рэч у тым, што некалі яшчэ адзін добры паэт і мой добры сябар, паляк Лешак Энгелькінг, скардзячыся на дзікую занятасьць працай, казаў, што знаходзіць час перакладаць мае вершы толькі ў самалётах. А я думаў сабе: як гэта - перакладаць вершы сябра ў самалётах? А цяпер вось дажыўся, Ігар Бялоў па-беларуску, made in самалёт Бэрлін-Вільня:


ІГАР БЯЛОЎ

УСХОД-ЗАХАД

у ейнай кватэры ужо нічога ня зьмесьціцца
толькі чужога гораду пах які мы так і ня выпілі
ты згадаеш навалачку з выявай паўмесяца
у атачэньні зораў якія з абоймы выпалі

нам пяе калыханку азія-эўтаназія
малако што на вуснах сохне зь пякельных лёхаў
іржавы корпус эўропы ў пырсках арабскай вязі
а каму цяпер лёгка

дагарае на поўніцу лета ў падбітым танку
і калі яна засынае побач з табой
па рацэ плыве зьнякроўлены тромб сьвітанку
і каханьне стукае ў скронях разам з крывёй

атляс вечнага міру застаўся нам толькі назваю
покуль п’еш ты зь яе далоняў – двойчы з адной ракі
будучае ў мінулым малюнак табе прадказвае
высакавольтных ліній яе рукі

недапалак на сходах пустых падбярэш – бяз розьніцы
на званок ціша цісьне - жыве як на хутары
ды яшчэ яе знаёмыя чачэнкі-сьмяротніцы
часам заходзяць туды пагутарыць

а тыя што ў шынялях падзертых выходзілі на разагрэў
у каралёў поп-музыкі зь іх ванітамі навагоднімі
забранзавелі й тусуюцца ў парках між дрэў
цэлымі соднямі

у горадзе мокрым і сумным люструецца ў бруку дахоўка
кружыць блакітнага дыму тытунёвы канвой
рускі глёбус падпярэзаны экватарам з выбухоўкай
круціцца над галавой
nohi

інтымны дзёньнік

уночы разводзяцца
ногі мастоў
закрэсьліваю
масты сэнсаў
што перакідаў увесь дзень
вадаліў
па калена ў словах

карцінкі зь мінулага
душаць як фотажаба
да навальніцы

і я пераходжу
сьпярша на вэрлібр
пасьля на лытдыбр
а пасьля да акна

запавольваю пульс
адчыняю
ў кароткай пярэрве
між дзьвюх маланак

і мокрае лісьце каштанаў
цытую каштанаў цытую каштанаў
як ліст
як пасылка
спасылка
на параскіданыя ў сьвеце
твае
падзамочныя кардыёграмы

і я адчыняю
усе магчымыя вокны
шукаючы пад тваёй
віртуальнай падушкай
знаходжу і дадаю
да сваіх улюбёных старонак