July 11th, 2007

canabis

Чаму паэты пераходзяць на вэрлібры )

Зьявіўся чарговы нумар шматмоўнага часопіса “Pobocza” зь вялікай колькасьцю – што ня можа ня цешыць! – паэтычных падборак славянскіх паэтаў. Прадстаўлена – што таксама цешыць! – і беларуская паэзія. Максам Шчурам і Андрэем Хадановічам (а крыху раней там публікавалася і Джэці, і некаторыя іншыя нашы паэты). Ёсьць беларускія арыгіналы, а таксама тры іншыя моўныя вэрсіі – варта толькі націснуць на адпаведны сьцяжок у правым верхнім куце манітора, і адразу ж зьяўляецца адпаведны пераклад:

http://pobocza.pl/pob28/by/achadanovic_by.html

На гэтым радасная частка мэсыджу ўласна заканчваецца, а пачынаюцца суцэльныя рытарычныя пытаньні, якія, як вядома, не патрабуюць адказаў. Ну добра, не далі на вычытку пераклады (а прынамсі польскія вэрсіі беларус бы зразумеў, дый каардынаты аўтара ў аднаго з польскіх перакладчыкаў ёсьць), увогуле не папярэдзілі пра падрыхтоўку гэтай публікацыі, не спыталіся нават сымбалічнага аўтарскага дазволу (усё як на бацькаўшчыне :)). Бог зь імі, як той казаў, дарёному коню борозды не испортить...

Але вось пачынаю чытаць польскія пераклады:

http://pobocza.pl/pob28/achadanovic.html

Ага, цяпер зразумела, чаму не далі на вычытку. Хрэн бы аўтар з такім пагадзіўся б! Шаноўныя калегі-перакладчыкі й перакладчыцы, навошта перакладаць рыфмаваную паэзію, калі вы абсалютна ня ўмееце гэтага рабіць? Ну, ня модна гэта ў вашых краінах, анахранічна (а часам і сьмешна!) – дык выбірайце вэрлібры, прычым такія, што нават вам ня ўдасца сапсаваць у перакладзе – і перакладайце на здароўе, аўтары толькі скажуць вам вялікі “дзякуй!”.

(Наколькі чэская вэрсія, падрыхтаваная спадаром Сматрычэнкам, выглядае сымпатычней за дзьве іншыя: Сяргей узяў збольшага перакладабэльныя вэрлібры й асабліва ня парыўся, што на іншых мовах будуць іншыя тэксты. І папрасіў дапамогі ў аўтэнтычнай носьбіткі чэскай мовы. І слушна зрабіў. А вось Макс Шчур падстрахаваўся й нікому на чэскую перакладаць сябе не даверыў. Што ж, ня мне ацэньваць якасьці лірыкі чэскамоўнага паэта Шчура. :))

Як добра, калі перакладчык кантактуе з жывым яшчэ аўтарам. Прычым навязвае гэтыя кантакты ПЕРАД публікацыяй сваіх перакладаў. І тады аўтар аўтаматычна ператвараецца ў яго галоўнага хаўрусьніка, шчыра й бескарысьліва дапамагае яму парадамі, бо хто больш зацікаўлены ў добрым перакладзе яго тэкстаў, чым ён сам! Бо гэта можа быць не абы-якой прыемнасьцю – пераклад адразу на некалькі моваў! Калі ніхто табе гэтай прыемнасьці не сапсуе.