July 3rd, 2007

canabis

Фэстывалім...

Заўтра зранку пачынаецца колькідзённы паэтычны нон-стоп. А шостай устаю і - калі не перашкодзіць страйк бэрлінскага S-бану - цягнуся ў аэрапорт. (Дай Бог здароўя нямецкай перакладчыцы Катарыне Нарбутовіч, якая пазычыла будзільнік, каб я банальна не праспаў! :)) Пералёт у Вільню, а там 5-га паэтычны фэстываль "Вялікае Княства Паэзіі". Проста на плошчы ля Прэзыдэнцыі (вядома ж, іхнай, ня нашай!). З удзелам літоўскага прэзыдэнта (спадзяюся, ён вершаў чытаць ня будзе :)). А таксама колькіх добрых паэтаў. Зь беларускага боку - Уладзімер Арлоў і Марыйка Мартысевіч. Пачатак а 17.00, усіх беларусаў Вільні і проста аматараў паэзіі запрашаю.

А потым у той жа дзень (вечар!) буду аўтобусамі прарывацца ў кірунку Польшчы, дакладней - Мазурскіх азёраў. Там недалёка ад Ольштына пару дзён будзе архісымпатычны фэстывальчык "Хвалі паэзіі". Паэты паплаваюць на байдарках, а калі пашчасьціць - то й палётаюць на паветраным шары. Як той казаў, па-над зямлёю. У сьветлы абшар. Тое, што пасьля паэтычных палётаў застанецца ад мяне, 9-га вернецца назад у Бэрлін.