June 29th, 2007

liankievich

ПО матывах

Учора абяцаў вывесіць вершык. Толькі спачатку кароткая гісторыя. Днём раней да мяне ў пакой ледзь не зайшла варона. Патапталася крыху на падваконьні, падумала – і ўсё-ткі не зайшла. Мабыць, вырашыла, што гэта быў бы літаратурны плягіят.

А зараз сам вершык:


Раз уночы з ноўтбукам я вучыўся розным штукам,
Задрамаў, ды гучным стукам абудзілі праз акно.
Я падумаў: “Што такое? Нават у маім пакоі
Не пакінуць у спакоі! Грукаюць, бы ў даміно.
Што патрэбна гэтым гоям? Можа быць, маё майно?
Kurwa! Merde! Shit! Говно!”

Раптам – бачу, не ціхоня! – ў чорна-шэрым балахоне
Птушка скок на падваконьне, бы зьбіраецца ўвайсьці,
Як паважная матрона. Я прамовіў ачмурона:
“Так і ёсьць, ня глюк, варона! У дванаццаць безь пяці.
Без адзінага патрона дом бярэ: “А ну пусьці!”
Вось шанцуе мне ў жыцьці!”

Я сказаў зачаравана: “О крылатая нірвана!
Заставайся, прымеш ванну, для цябе яна – басэйн!
Сфоткаць бы такую птушку! Я парваў бы ўсю фрэндстужку!
Прызямляйся на падушку. Піва хочаш? Ёсьць партвэйн.
Назаві сваю мянушку. Тэрмінатар? Франкенштэйн?”
А варона: “Ніхт фэрштэйн!”

Я падумаў, што ў вароны гэты нумар быў каронны.
Хоць адказ быў падазроны, але ўсё-такі адказ!
Гэта птушка з мудрай хеўры. Як адкажа, то шэдэўры!
І пытальныя манэўры пачынае новы сказ:
“Як ідзе на рынку эўра? Што чуваць пра нафту й газ?”
А варона: “Вас іс дас?”

Я патыліцу пачухаў: “Ну, а можа, ты вяшчуха?
Чапля шызая Шухшухга* раптам не твая сястра?
Дзе твой сябра Гаявата? І чаму так пазнавата?
Што з табой? У дзюбе вата? Кінь хоць слова-паўтара!
Не маўчы прыдуркавата! Нам знаёміцца пара!”
А варона: “Ні хера!”

Ты ад Мінкіна Алега** з прывітаньнем? Мой калега
“Крумкача”, нібыта “Lego”, разьбярэ і зноў зьбярэ.
Я таксама вам, пярнатым, быў бы сябрам і фанатам,
Толькі крыць уночы матам?! Лепш кудахтай на дварэ!
Твой візыт мне кампраматам. Ты ж ні бэ, ні кукарэ…
Я кажу табе: харэ!..

Птушка вылецела ў фортку. Не павешу ў нэце фотку.
Заўтра буду мець пякотку, але п’ю за песьняра.
Не пайшла варона ў масы, праляцела міма касы,
Бо пытаньні і адказы не даводзяць да дабра:
“Ніхт-фэрштэйны” й “вас-іс-дасы” з-пад птушынага пяра
Азначаюць… ні хера!


* “Чапля шызая Шухшухга” – эпізадычная, але калярытная гераіня паэмы Г.Лангфэла “Песьня аб Гаяваце”.

** Мінкін, Алег (1952) – далёка не эпізадычны, хоць таксама калярытны, герой беларускай інтэлектуальнай паэзіі й паэтычнага перакладу. Беларускі перакладчык “Крумкача” Э.А.По.