June 27th, 2007

canabis

Беларускія літаратары ў Брне

Зьявілася інфармацыя пра месяц аўтарскага чытаньня беларускіх літаратараў у Чэхіі, у Брне. Кожны дзень зь 1 па 31 ліпеня ў папулярным мясцовым тэатры чытаюць па адным беларускім і адным чэскім літаратары. Гэта, відаць, пакуль што самы вялікі й амбітны беларускі замежны праект. І як тут не сказаць дзякуй Сяргею Сматрычэнку, які зрабіў усё, каб гэта стала магчымым. :)

На сайце праграма фэстывалю, фота аўтараў і інфармацыя пра іх. А ў ліпені абяцаюцца нават онлайн трансьляцыі выступаў:

http://www.autorskecteni.cz/by/Program.aspx
nohi

Wannsee jak detektar xlus'ni :)

Я досыць рэдка хлушу, але часам як пацягне нейкі д’яблік за язык! Некалькі год таму я балбатаў з новай знаёмай на тэму, хто дзе апошні раз купаўся. І чамусьці захацеў выпендрыцца й сказаў, што вось я – у возеры Ванзэе, каля Бэрліна. Навошта я тады зманіў? Ня быў я на ніякім Ванзэе! Што асабліва крыўдна, нават уражаньня асаблівага на дзяўчыну не зрабіў. Яна, у сваю чаргу, сказала, што купалася ў Атлянтычным акіяне – і, відаць, ня схлусіла.

Згадаў пра гэта ўчора, калі такі пасяліўся на згаданым Ванзэе, у сядзібе Бэрлінскага Літаратурнага Калёквіюму (LCB). Ня ведаю, як цяпер на Атлянтыцы, а тут хораша. Хоць пайшлі дажджы, крыху пахаладала (гэта якраз адназначны плюс) і добрага месца для купаньня я шчэ не знайшоў. Старая сядзіба ў парку. Кава (гарбата, ...) зь відам на возера. Яхты-параходы. Інтэрнэт у пакоі. І процьма ўсякіх прыемных дробязяў. Дух паэта Генрыха фон Кляйста, які некалі менавіта тут застрэліўся, папярэдне застрэліўшы сваю каханку. Магчымасьці для натхнёнай фон Кляйстам пісаніны. Прасторны ганак пры ўваходзе ў сядзібу, а на ім стол, за якім можна адпачываць/працаваць; шкляны навес зьверху, каб дождж не замінаў адпачынку/працы. І зусім кранальная дэталь – вынесеная вонкі электраразэтка, каб можна было ўмыкнуць ноўтбук.

Зойдзеш у прыбіральню, а там – трэба ж літаратарам нешта чытаць! – каталёг культурных падзеяў на ліпень з інфармацыяй пра цябе самога... Fuck, і гэтыя людзі яшчэ будуць дакараць савецкіх пісьменьнікаў іхнымі дамамі творчасьці!
nohi

Фройд бы плакаў :)

* * *
у нэце заторы сыгналам цесна і вузка
і словы зьбіваюцца ў купу ствараючы дзіўныя сумесі
пройдзе ці не вярблюд праз ігольнае вушка
сёньня залежыць толькі ад якасьці сувязі

шыя стамляецца да сярэдзіны лета
круцІць галавою за кожнай – абернецца не абернецца
дзяўчаты спрачаюцца ці дрэнная гэта прыкмета
калі табе позна ўначы перабегла дарогу суперніца

напіцца каханьня на потым хоць кажуць ня варта
ці двойчы згатуеш той самы кубак гарбаты
і мроі шыхтуюцца бы ганаровая варта
цябе і магіла ня выпрастае гарбаты

нібыта касьмічны монстар ляціш не ў сваёй талерцы
і срэбныя зоры ўваччу як сьвяточны салют
і пульс скача так нібы ў гэтую хвілю праз сэрца
праходзіць вярблюд