June 24th, 2007

nohi

Ich liebe

Ich liebe водар, які вісіць на іх ліпе,
птаха, каторы зь ліпы вучыць мой плэер сьпевам.
Зьмешваю рызыкоўна, бы ў наварочаным кліпе,
музыку ў правым вуху й гукі гораду ў левым.

Горад шалее ветрам і таксамі на прагулянцы.
Пачувайся, як дома, ды памятай, што ў гасьцях.
Гарбату з пакунка да вуснаў падношу ў шклянцы,
і цэтлік лунае на нітцы, нібы нямецкі сьцяг.

Да найбліжэйшай крамкі радасна па бухло іду.
Дзеткі сьмяюцца дакорліва ўсьмешкай маёй дачкі.
Няма журналістаў, якім хацелася б даць па таблоіду.
Ёсьць камікадзэ на колах – матацыклісты й тарчкі.

Крочу на могілкі ў пошуках лепшага таварыства.
Толькі цяпер разумею, дзе ён, Эдэмскі сад.
Вавёрка танчыць наўкола, быццам душа турыста,
што выпадкова зайшоў сюды – і ня выйшаў назад.

Бы ўпершыню ў рэале, кажаш: “Якое трасцы!
Зараз пойдзем у нэт і, як той казаў, адажжом!..”
Вецер пагойдвае кветкі на Raabestraße.
Гарбату, што выйшла моцнай, Бэрлін разбаўляе дажджом.