June 23rd, 2007

nohi

Польская паэзія :)

Пачуў учора ў цягніку забаўны, хоць і не зусім прыстойны польскі вершык:

To nie sztuka -
Z dubeltowki zabić kruka.
Oto sztuka nowa, świeża -
Gołą dupą zabić jeża.

Век жыві - век вучыся...
nohi

ПЛАКАЛІ, ЗНАЕМ! ды іншыя вершы

ПЛАКАЛІ, ЗНАЕМ!

Хлопчык трох гадоў
крочыць побач з маці,
а потым як зваліцца,
як трахнецца аб асфальт!
Каленка разьбітая ў кроў,
але ня плача,
трохгадовыя мужчыны ня плачуць,
падымаецца, атрасаецца
і незалежным тонам прамаўляе:
«Ледзь ня ўпаў!»

Хлопчык чатырох гадоў
ляжыць на апэрацыйным стале
і вось‑вось заплача,
бо які ён ужо мужчына,
калі цёця доктар корпаецца
чымсьці жалезным яму ў пісі,
дзякуй, хоць бацькоў не пусьцілі.

Хлопчык пяці гадоў
дачакаўся смачнай перадачы
у свой загарадны тубэркулёзны санаторый,
і на радасьцях зьеў яе ўсю,
вось толькі памыліўся шафаю,
а потым дзяўчынка нешта шукала ў ёй,
нічога не знайшла й заплакала,
і хлопчык зь ёй за кампанію,
бо хрэн зь імі, з апэльсінамі,
у санаторыі карантын
і бацькоў зноў не пусьцілі,
вунь яны там, за акном,
махаюць яму рукамі,
покуль ён жарэ чужую перадачу...

Бацька трохмесячнай дачкі
па дарозе ў лазэрную клініку
падслухоўвае размову.

Хлопчык трох гадоў
крочыць побач з маці.
«Мама, а ведаеш, ты таксама памрэш!»
«Што ты такое вярзеш?!
Ты што, хочаш, каб твая мама памерла?»
«Не, я не хачу. Я проста нагадваю».

Госпадзе,
хай доктарка з лазэрнай лінзаю не памыліцца,
беражы ў дарозе ўсіх Тваіх разьдзяўбаеў,
усіх сьляпых
і тых, каму сёньня закапалі вочы.


Іншыя вершы з падборкі на сайце часопіса "Архэ":
http://arche.bymedia.net/2007-03/chadanovic703.htm

Загаловак "Крывіцкі лексыкон" - ня мой, у мяне гэта ўсё называлася "Чэмпіянат сьвету па акынскай паэзіі" :(
nohi

Выпускнікам Ліцэю-2007

Сёньня ў Беларускім гуманітарным ліцэі чарговая выпускная вечарына. Уручэньне дыплёмаў і ўсякае такое сумна-сьвяточнае... Мне вельмі падабалася выкладаць літаратуру ў гэтай групе - па розных падпольных менскіх офісах-кватэрах. Для тых, хто ня ў курсе, гуманітарны ліцэй быў забаронены беларускімі ўладамі, але дагэтуль існуе ў падпольных умовах. Апошнія два гады - здымаючы сядзібу за горадам. Так што два разы на тыдзень я езьдзіў туды электрычкаю. Забаўна, што з розных прычын навучальны год у ліцэі пачынаўся ня 1 верасьня, як ва ўсіх незабароненых школьнікаў, а ў кастрычніку. Затое былі цудоўныя заняткі ўлетку ў Польшчы. Гданьск і мора згадваю з асаблівым замілаваньнем. :)
Карацей, дарагія ліцэісты, хай вам сёньня радасна сьвяткуецца! Не злоўжывайце алькаголем, і, можа стацца, сустрэнеце сьвітаньне ў бадзёрым рамантычным настроі. :)

Кожны віншуе сяброў, як можа. Адна зь нешматлікіх рэчаў, якія я ўмею ў жыцьці рабіць, гэта складаць у радкі словы й часам іх рыфмаваць. Вось жа, віншую, як магу.


* * *
Не пераймайся, твая электрычка і сёньня прыйдзе:
дваццаць хвілін па веды з дачнікамі й бамжамі,
а потым – за тры пагоркі – будзе сядзіба ў прыгарадзе
і падпольныя словы, якія ты любіш вушамі.

Прывыкаеш да добрага – і не губляеш звычак,
хоць зададзена столькі, што прачытаць немагчыма.
Сьвятам першага верасьня будзе табе кастрычнік,
будзе расклад заняткаў – пад расклад электрычак,
і падпольныя людзі, якіх ты любіш вачыма.

А таму прачынаесься і разумееш, што ўсё не
так ужо і херова – дыхаць смачна і вольна!
Не пераймайся, твая электрычка прыйдзе і сёньня:
большасьць ведаў у гэтым жыцьці ты атрымаеш падпольна.