June 19th, 2007

nohi

Падводныя сны

Яшчэ адзін новы вершык зь нізкі "Несымэтрычныя сны". Раней аўтар вытрымліваў чысьціню жанру й пісаў пра дождж асобна, пра каханьне асобна. Цяпер вось ня вытрымаў :)


* * *
Твой горад кідае сёньня то ў зьліву, то ў сьпёку.
Кашулі ад поту й дажджу на целах вісяць, як анучы.
А ты прытулілася да мяне з самага мокрага боку
і пільна глядзіш у вочы, таемныя думкі скануючы.

І ўсё, што наўме, – на твары, і ўсё, што на твары, – наўме.
І думкі відаць наскрозь, бы рыбкі ў акварыюме, –
падводныя адысэі, што, пераблытаўшы жанры,
шукаюць корму і дыхаюць зьлівай праз жабры.

А ты скануеш так пільна, што разумею – труба.
І зьліва зь Менску кропля па кроплі выціскае раба.
Падводныя адысэі зь цябе ня зводзяць вачэй,
і там, дзе стукае сэрца, кашуля сохне хутчэй.