June 6th, 2007

nohi

Па матывах іншага верша...

* * *
Малая, я выйшаў з дому пасьля вечаровых навінаў,
якраз пачынаўся трэці пэрыяд хакейнага матчу:
канадцы па поўнай праграме пярдолілі фінаў,
ці, можа, фіны канадцаў – тыя таксама мача.

А два з паловай гады таму ты плыла ў велікодных званах,
мазала шчасьце на хлеб і мне прапаноўвала лусту…
Пасьля пайшла ад мяне да першага лепшага нах-
імаўца і, як відаць па мэйлах, цалкам зьехала з глузду.

Хтосьці казаў, што ты ў інтэрнэт ходзіш, як на хаўтуры,
пасьля сябе пакідаючы мёртвыя жывыя дзёньнікі…
І пальцы бяруць дзьве актавы кірыліцы-клявіятуры,
і дрэнныя рыфмы б’юцца аб шкло манітора, як матылькі-аднадзёнкі.

Яшчэ сем дзён, нібы сем самураяў, у баявой апранасе
ідуць паўзь мяне ў беспрабуднай цішы, на восьмы ж
я разумею: дзеля таго каб забыць адну вар’ятку, прынамсі
патрэбна другая вар’ятка, а дзе такіх яшчэ возьмеш?

І што там на юзэрпіку за голыя ногі? Ня сьцяміце.
І што там за прыгажуня сьмяецца ў начным трамваі
табе напаўабарота? Бо час сутыкаецца з памяцьцю,
час сутыкаецца з памяцьцю – і забівае.