May 31st, 2007

nohi

31 траўня...

* * *
покуль надвор’е хваліце покуль з гораду валіце
сонца шырока прымружыла вока зьдзіўленага кітайца
скошаны месяц травень сохне на менскім асфальце
апошні вясновы дзень на салодкае вам пакідаецца

усе дзьмухаўцы патанулі ў белі жоўтай падводнай лодкаю
а ты па траве бяз ботаў як апошні шавец
покуль вясновы дзень пакідае цябе на салодкае
а потым падымецца вецер і будзе табе дзьмухавец

пахі травы і бэзу ўваходзяць у дом бяз стуку
і скавышы пад кашуляй сплятаюцца амулетам
бо ёсьць рэчы хутчэйшыя за хуткасьць сьвятла і гуку
і ты засынаеш у заўтрашнім водары лета