May 21st, 2007

nohi

Нет, вы поезжайте и спросите, кем был Хаданович в Киеве!

Вярнуўся з “Кіеўскіх лаўраў”. Хатнія за гэты час мяне амаль пахавалі. Дванаццаць гадзін “прахалоднага” аўтобуса Кіеў-Менск. Так што пакуль здольны толькі на паасобныя рэплікі.

Кіеў – горад хімэрны й прывідны. Усё, што тут адбываецца, адбываецца не да канца напраўду. Узяць для прыкладу хоць такі кіеўскі экспанат, як беларускі пісацель Пістончык. Вы зь ім разам п’яцё, п’яцё, а потым ён гаворыць, што пойдзе па цыгарэты – і зьнікае на цэлую ноч. Пакідаючы мяне зь дзьвюма закаханымі – на жаль, у яго, Пістончыка – дзеўкамі. Ну й што тут рабіць?..

Такі ж хімэрны, не да канца рэальны й мясцовы грамадзкі транспарт. У апошні дзень фэстывалю я трапіў пад маршрутную таксоўку. Казалі мне яшчэ ў дзяцінстве не пераходзіць дарогу сьпераду машынаў. А я, дурань, не паслухаўся. Налятае, значыць, на мяне такая белая аграмадзіна. Я адлятаю, прызямляюся на асфальт – і разумею, што нічога. Ну абсалютна нічога, ні драпінкі. Толькі ў руках люстэрка задняга агляду, якое я чыста машынальна адламаў у маршруткі. Як той казаў, “попал под лошадь. Лошадь отделалась лёгкім іспугом”.

Ну й дванаццаць гадзін “прахалоднага” аўтобуса ўрэзаліся ў памяць. Часопіс “Архэ” замовіў мне эсэ, якое я зьбіраўся напісаць у Кіеве. Нават ноўбук з сабою браў. Пасьля перанес напісаньне на зваротную дарогу, часу было больш чым досыць. Вось толькі дарога… У Нямеччыне можна спакойна ўмыкнуць у цягніку ноўтбук у электрасетку – і стукай сабе ўсё падарожжа. Ва Ўкраіне немагчыма нічога напісаць нават ад рукі – так трасе аўтобус. Толькі за беларускай мяжою літары сталі складацца ў словы. Напрыклад, у такія:

Ў падзённы сквар, ў даліне Дагестану
Вазьму я свой калаш і ўсіх дастану!

Набіраю зараз гэтыя словы, а кампутар аўтаматычна выпраўляе слова “свой” на “свій”. А я думаў, што я – галоўны ў доме аматар Украіны…